Кошт беларускіх еўрабондаў абрынуўся пасля заяў Лукашэнкі
32- 30.01.2015, 12:58
- 61,926
Кошт беларускіх еўрааблігацый спусціўся да гістарычнага мінімуму.
Гэта адбылося пасля заяў Аляксандра Лукашэнкі аб магчымай рэструктурызацыі замежнай дзяржаўнай запазычанасці, сведчаць каціроўкі Штутгарцкай фондавай біржы, піша БелаПАН.
Раніцай 29 студзеня кошт сямігадовых еўрабондаў складаў 89% ад наміналу, кошт пяцігадовых - 97% ад наміналу. Разам з тым, пасля заявы Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі аб магчымай рэструктурызацыі замежнай запазычанасці ў другой палове дня ў чацвер каціроўкі беларускіх еўрабондаў абрынуліся, сведчаць звесткі Штутгарцкай фондавай біржы.
Так, кошт сямігадовых еўрабондаў спусціўся да 60% ад наміналу, пяцігадовых - да 70% ад наміналу. Пры гэтым прыбытковасць сямігадовых беларускіх пазыковых папер, якая паказвае прыкладны кошт новых запазычанняў для Беларусі, дасягнула 27%.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 29 студзеня на пытанні журналістаў, заявіў аб магчымай рэструктурызацыі замежнай дзяржаўнай запазычанасці.
"Калі цяжка будзе, мы будзем весці дыялог аб рэструктурызацыі запазычанасці", - сказаў беларускі правадыр. Аднак пазней кіраўнік дзяржавы дапоўніў свой адказ, бо ўстурбаваўся, што яго могуць няправільна зразумець, і растлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымасць рэфінансавання: "Я тут загаварыў пра тое, што мы хацелі б рэфінансаваць нашу замежную запазычанасць, і тут мне пераказваюць, што трымальнікі нашых аблігацый... еўрабондаў хвалююцца. Думаюць, што ў нас тут ледзь не дэфолт".
Міністэрства фінансаў, рэагуючы на падзенне каціровак беларускіх еўрабондаў, заявіла ўвечары 29 студзеня, што "Рэспубліка Беларусь мае патрэбную суму рэсурсаў і набор фінансавых інструментаў для безумоўнага выканання сваіх пазыковых абавязанняў у 2015 годзе".
"Пытанне рэструктурызацыі завінавачанасці не разглядаецца Урадам супольна з Нацыянальным банкам вядзецца дзейнасць для залучэння сродкаў на рэфінансаванне часткі пазыковых абавязанняў як за кошт змяшчэння дзяржаўных аблігацый на замежных і ўнутраных рынках, так і міждзяржаўных пазык", - падкрэсліў Мінфін.
Нагадаем, Беларусь у 2010-м і ў 2011-м гадах змясціла два выданні еўрааблігацый - пяцігадовыя і сямігадовыя на агульную суму 1,8 млрд даляраў. Змяшчэнне еўрааблігацый беларускія ўлады разглядаюць як адзін з інструментаў залучэння пазык на замежных рынках.
Улетку 2015 года Беларусь павінна сплаціць пяцігадовае выданне еўрааблігацый. На аплату і абслугоўванне еўрабондаў Беларусі трэба сёлета накіраваць амаль 1,2 млрд даляраў. Агулам валютныя выплаты замежнай і ўнутранай дзяржаўнай завінавачанасці Беларусі ў 2015 годзе павінны скласці блізу 4 млрд даляраў.