Слава Рабіновіч: Той, хто сёння гуляе супраць Амерыкі, проста асуджаны
5- 7.01.2015, 18:21
- 47,191
Падзенне цаны на нафту мае палітычны складнік.
Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» кіраўнік Diamond Age Capital Advisors, фінансіст Слава Рабіновіч. Паводле ягоных слоў, яшчэ ў сакавіку ў сітуацыйным пакоі Белага Дома ў Вашынгтоне абмяркоўвалі, як апусціць цану на нафту ў якасці аднаго са спосабаў утаймаваць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна пасля анексіі Крыма. А затым прэзідэнт ЗША Барак Абама і ягоная адміністрацыя паехалі ў невялікае турнэ па ключавым краінам. У выніку на сённяшні дзень кошт нафты маркі Brent апусціўся ніжэй за $50 за барэль, сапсаваўшы расейцам свята і рубель, прадоўжыў ён.
«Пуцін у гэтай гульні быў загадзя асуджаны. Хто змог бы дамовіцца: Абама і Саудаўская Аравія, ці Пуцін і Сірыя? Абама і Кувейт, ці Пуцін і Кувейт? Абама і Катар, ці Пуцін і Катар? Нарэшце, Абама і Іран, ці Пуцін і Іран?» - растлумачыў Рабіновіч.
На думку фінансіста, пры цяперашняй расстаноўцы сіл, той, хто гуляе супраць Амерыкі, проста асуджаны. «Сёння беспрацоўе ў Нямеччыне знізілася да сваёй гістарычна мінімальнай адзнакі, у той час, як нямецкая эканоміка прыемна перажывае свой уздым. Інфляцыя ў зоне еўра на нулі. 10-гадовыя аблігацыі ўрада ЗША маюць даходнасць 2%, і з'яўляюцца, разам з іншымі дзяржаўнымі аблігацыямі ЗША розных тэрмінаў пагашэння, асноўнымі сусветнымі фінансавымі інструментамі міжнароднага грашовага рынку», - піша фінансіст.
Паводле слоў Рабіновіча, эканоміка ЗША прадаўжае быць лакаматывам усяго свету, а індэкс упэўненасці амерыканскіх спажыўцоў знаходзіцца на высокай адзнацы.
«Ёсць краіны, у якіх не ўсё ў парадку. Нават у зоне еўра. Напрыклад - Грэцыя. Даходнасць 10-гадовых грэцкіх дзяржаблігацый знаходзіцца на адзнацы ў 10%. Ну вось, мабыць, і ўсё на сёння, што варта ўзгадаць, сярод тых краін, пра якія варта казаць. Каго сёння цікавіць Венесуэла або Зімбабвэ? Яны самі выбралі свой асаблівы шлях», - падсумаваў ён.
Цана нафты маркі Brent на таргах у Лондане ўпала ніжэй за адзнаку ў $50 за барэль. Паводле стану на 11.10 кіеўскага часу за барэль элітнай нафты давалі $49,94. У апошнія дні цэны на нафту абнаўляюць мінімумы 2009 года.