У Францыі аб'яўленая трохдзённая жалоба
1- 8.01.2015, 11:29
- 9,065
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд абвясціў у краіне жалобу па ахвярах тэракту ў рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo.
«Чацвер 8 студзеня, 2015, абвешчаны днём нацыянальнай жалобы ў памяць пра ахвяраў нападу, учыненага ў Парыжы 7 студзеня 2015 года», - гаворыцца ў тэксце ўказу кіраўніка дзяржавы. Сцягі будуць прыспушчаныя цягам трох дзён.
«Гэта нашы героі. Таму заўтра будзе дзень нацыянальнай жалобы. Я падпісаў указ. Заўтра ў дванаццаць гадзін будзе хвіліна памінання ва ўсіх дзяржаўных установах. Я запрашаю ўсё насельніцтва далучыцца да гэтага», - цытуе «Інтэрфакс» выступ Аланда праз французскую тэлевізію ў сераду ўвечары .
Напад на офіс французскага сатырычнага часопіса Charlie Hebdo адбыўся раніцай 7 студзеня. Узброеныя аўтаматамі і гранатамётамі мужчыны ўварваліся ў рэдакцыю і распачалі стрэляніну, выкрыкваючы «Алах Акбар» і «Мы адпомсцілі за прарока». Загінулі 12 чалавек, у тым ліку галоўны рэдактар Charlie Hebdo, яшчэ 11 атрымалі раненні, піша utro.ru.
Тыя, хто нападаў схаваліся, іх пошукам займаецца паліцыя. Прэсе сталі вядомыя імёны траіх падазраваных; у аднаго з іх, паводле апошняй інфармацыі, ёсць алібі.
Аланд назваў атаку на рэдакцыю актам тэрарызму і заклікаў знайсці і пакараць вінаватых.
Фота: AP/Geert Vanden Wijngaert