Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі
3- 12.10.2015, 14:12
- 26,242
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвалі тэму стварэння расейскай авіябазы ў Беларусі.
Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, паведамляе РБК.
«Розныя аспекты гэтай тэмы абмяркоўваліся паміж двума прэзідэнтамі. Гэта абмеркаванне ў канструктыўным духу будзе працягнутае, тым больш што маюцца быць кантакты», - сказаў Дзмітрый Пяскоў.
З яго слоў, Пуцін і Лукашэнка пабачацца на гэтым тыдні ў Казахстане на саміце СНД і саміце ЕАЭС. «На палях гэтага саміту ў іх будуць магчымасці гэта абмеркаваць», - дадаў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.
Напярэдадні Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі на выбарчым участку, заявіў, што мае намер абмеркаваць з Пуціным пытанне аб стварэнні авіябазы ў Беларусі.