21 снежня 2024, Субота, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Сапраўдная апазіцыя аб'ядналася

Андрэй Саннікаў: Сапраўдная апазіцыя аб'ядналася
Андрэй Саннікаў

Дэмакратычныя сілы зрабілі правільна, што праігнаравалі гэтыя «выбары».

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў адказаў на пытанні Польскага радыё.

- Як вы ацэньваеце лічбы, якія абвясціў Цэнтрвыбаркам?

- Я напісаў у Твітэры на гэты конт словы Марка Твена, перафразуючы, што ёсць тры тыпы хлусні: хлусня, вялікая хлусня і выбары ў Беларусі. Улада ўзяла на ўзбраенне гэбельсаўскія метады. Апазіцыя зрабіла правільна, што ігнаравала гэтыя «выбары», і цяпер трэба рухацца далей.

А тое, што ўчора адбылася акцыя на плошчы, што выйшла мужная моладзь і прайшла ад плошчы да плошчы, гэта той падмурак, абапіраючыся на які ў будучыні можна стварыць стратэгію.

- А што скажаце пра ўдзел часткі апазіцыі ў «выбарах»? У іх былі свае мэты і задачы і яны збіраюцца рыхтавацца да наступнай кампаніі.

- Гэта апазіцыя ў двукоссі. Бо апазіцыя не брала ўдзелу ў «выбарах». Апазіцыя байкатавала і ігнаравала. Гэта была тая платформа, на якой апазіцыя аб'ядналася.

- А ці не стала гэта як раз падзелам?

- Сапраўдная апазіцыя выказалася супраць гэтых «выбараў». Учора адбылася прэс-канферэнцыя, падчас якой тры лідары сказалі вельмі рашуча, што мы не прызнаем «выбараў». Гэта і ёсць аб'яднанне.

- А што цяпер можа зрабіць апазіцыя, якая была за байкот? Ці гэта стратэгія перамогі?

- Гэта тактыка. Відавочна, што настроі народа і апазіцыі супалі. Ніхто не верыць, што быў такі прыход, які нам спрабуюць прадаць. Пустыя вуліцы, пустыя ўчасткі. Апазіцыя зрабіла правільна і цяпер трэба рухацца далей.

- А што б вы асабіста дадалі да гэтай новай тактыкі тандэму Някляеў-Статкевіч-Лябедзька?

- Трэба ўмацоўваць прынцыпы і маральнасць. Тое, што апазіцыя не ўдзельнічала ў гэтых «выбарах», гэта і ёсць умацаванне маральнасці. Людзі будуць адгукацца на гэта.

Шмат хто запляміў сябе супрацоўніцтвам з уладай. Не магу не сказаць, што заплямілі сябе і некаторыя незалежныя СМІ.

Апазіцыя зможа перамагчы толькі тады, калі будзе адстойваць каштоўнасці і прынцыпы. Нават не зважаючы на абставіны, якія будуць існаваць з боку Еўропы і Расеі.

- Адна з такіх абставін - гэта сённяшняя сустрэча ў Люксембургу. Санкцыі з Лукашэнкі будуць знятыя на некаторы час. Міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына заявіў, што Варшава таксама падтрымае гэта прыпыненне, бо ізаляваны Лукашэнка - гэта Лукашэнка з Масквой.

- Прыпыненне санкцый на 4 месяцы - гэта далёка не тое, чаго чакаў Лукашэнка і ягонае асяроддзе. Але гэта будзе вельмі небяспечны крок для самога ЕЗ. Лукашэнка ўчора нахабна паказаў, што нічога мяняцца не будзе і зняцце санкцый будзе азначаць беспакаранасць ягонага рэжыму. Ва ўладзе ў Беларусі сёння - серыйныя злачынцы.

Трэба дзейнічаць на аснове каштоўнасцяў. Калі Еўропа з аднаго боку будзе вітаць дэмакратыю ва Украіне, а з другога - вітаць дыктатуру ў Беларусі, то гэта разбурыць ЕЗ.

- Гэта палітычная наіўнасць або разлік?

- Ёсць і разлік. У Лукашэнкі ў Еўропе шмат карысных ідыётаў, як і ў Пуціна. Бізнэс у гэтым зацікаўлены. Мы ведаем, з чым была звязаная адліга паміж Варшавай і Менскам перад 2010 годам. Былі інтарэсы ў польскага нябожчыка мільянера Кульчыка. Бізнэс лабіруе у тым ліку і палітычныя пытанні. У Еўропе ёсць партыі, якія падтрымліваюць крамлёўскай палітыкі. Тое ж самае адбываецца і з Беларуссю.

- Неўзабаве пачнецца новая электаральная кампанія. Трэба ў ёй удзельнічаць або трэба яе ігнараваць?

- А гэта і будзе паказчыкам таго, на што здольная апазіцыя. Учора было агучана, што ніякага ўдзелу, пакуль не зменіцца сітуацыя і заканадаўства, апазіцыя не плануе. Гэта галоўнае. Тады з'явіцца стратэгія байкоту рэжыму, а не ягоных асобных дзеянняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках