500 прадпрымальнікаў у Полацку абвясцілі страйк
50- 16.10.2015, 13:44
- 49,822
Забастоўка стала адказам на масавыя праверкі на рынках.
Больш за пяцьсот прадпрымальнікаў Полацкага рынку (Віцебская вобласць) 16 кастрычніка пачалі стыхійны страйк, піша БелаПАН.
Адна з прадпрымальніц рынку, якая пажадала застацца неназванай, паведаміла, што масавыя праверкі на рынках Полацку пачаліся 13 кастрычніка, пасля прэзідэнцкіх выбараў. Паводле яе слоў, кожны дзень правяраюць па шэсць прадпрымальнікаў, людзей рэгулярна штрафуюць. «Ужо былі канфіскацыі праз накладныя на дзіцячую вопратку», - распавяла суразмоўца.
«Раней іх усе дакументы задавальнялі, а пасля выбараў ужо не задавальняюць ні накладныя, ні якія-небудзь іншыя дакументы, пачаліся штрафы і канфіскацыі. Людзі баяцца за свой тавар і былі вымушаныя закрыцца. Апоўдні гандаль павінна быць у самым разгары, але мы закрыліся. Мы не давалі кантралёрам запаўняць дакументы, прасілі АБЭЗ і падатковую інспекцыю выйсці з ралетаў», - адзначыла яна, дадаўшы, што праверкі таксама ідуць на суседнім рынку «Скарб».
Пасля безвыніковай сустрэчы з адміністрацыяй рынку блізу 100 прадпрымальнікаў рушылі ў гарадскую падатковую інспекцыю, запэўніўшы, што яны «нікога не аддадуць і нікому не дазволяць забіраць тавар».
Улады ведаюць пра тое, што сапраўдныя дакументы на тавары з Масквы беларускім прадпрымальнікам іх расейскія пастаўшчыкі не выдаюць, пракаментаваў сітуацыю старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
«Мы пра гэта папярэджвалі на форуме прадпрымальнікаў яшчэ ў пачатку гэтага года, - сказаў ён. - Мы папярэджвалі ўлады, што накладныя, якія даюць у Маскве, фальшывыя. Улады пачакалі пакуль пройдуць выбары, а потым проста цынічна і нахабна, ведаючы пра праблему накладных, замест таго, каб яе развязаць, пачалі гэтую сітуацыю выкарыстоўваць, каб папоўніць за наш кошт бюджэт. Уладам трэба было развязаць пытанне з накладнымі, якія ў Расеі немагчыма атрымаць, а не закладваць эканамічную міну запаволенага дзеяння».