Раўкоў мяркуе, што расейскай авіябазы ў Беларусі недастаткова
46- 23.10.2015, 11:30
- 15,977
Кіраўнік Мінабароны Беларусі заявіў, што ў краіне трэба размясціць расейскія «сродкі паразы» для абароны ад Польшчы.
У Беларусі мяркуюць, што размяшчэнне расейскай вайсковай авіябазы на тэрыторыі краіны не з'яўляецца самым эфектыўным варыянтам процідзеяння нібыта пашырэнню NATO на ўсход. Ёсць альтэрнатыва размяшчэнню баявой авіяцыі РФ у Беларусі, заявіў кіраўнік Мінабароны Беларусі Андрэй Раўкоў у эфіры тэлеканала Агульнанацыянальнай тэлевізіі.
«Нашы суседзі, асабліва зноў абраны прэзідэнт Польшчы, ён просіць NATO (і яны пагадзіліся) размясціць чатыры базы рознага прызначэння, у тым ліку і авіяцыйнага, у непасрэднай блізкасці ад мяжы Беларусі. Адказ просты: так, можа, мы возьмем нейкія сродкі паразы, якія могуць своечасова ў патрэбным месцы нанесці паразу гэтым аб'ектам? Гэта будзе нашмат больш эфектыўна, чым авіяцыйная база», - перакананы міністр.
Зыходзячы з такіх меркаванняў, у размяшчэнні знішчальнікаў і бамбавікоў Расеі на тэрыторыі Беларусі «пакуль сэнсу няма», дадаў ён.
Нагадаем, месяц таму Крэмль распарадзіўся стварыць у Беларусі вайсковую авіябазу РФ нібыта для «адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны» і, сярод усяго іншага, для «дапамогі Беларусі ў ахове паветранай мяжы». На пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка зняпраўдзіў паведамленні аб размяшчэнні авіябазы РФ.