Прадпрымальнікі рыхтуюцца да страйку
62- 15.11.2015, 13:57
- 37,056
Прадпрымальнікі знаходзяцца ў цяжкім стане, бо пакупніцкая здольнасць на нулі, а падаткі вельмі высокія.
Аб праблемах і перспектывах беларускага прадпрымальніцтва разважаюць старшыня аргкамітэта для стварэння беларускага прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч і прадпрымальнік з Полацка Генадзь Берднеў, паведамляе сайт АГП.
«Для ўлады мы, як злачынцы. Нас стала зневажаюць», - кажа прадпрымальнік Генадзь Берднеў.
«Гэта палітыка кіраўніцтва Полацка, гэта папаўненне бюджэту і іншага апраўдання няма. Як можна паспець прадаць рэчы вось за такі кароткі адрэзак часу, калі пакупніцкая здольнасць нулявая. У дробнага бізнэсу цяпер праблема ў тым, што яны не могуць заплаціць нават за арэнду. Сітуацыя тупіковая і яе трэба развязваць», - дадае Ірына.
Прадпрымальнікі абураныя не толькі апошнімі папраўкамі закона на адрас малога бізнэсу, але і іншымі навінкамі ў законе, якія не дазваляюць беларусам нармальна жыць.
«Ад гэтай улады пакутуюць бо не толькі прадпрымальнікі, але і мамы, якія выхоўваюць дзяцей - ім наогул падацца няма куды. Жанчыны перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. І ні для каго не сакрэт, што ў пенсіянераў пенсія максімум 1,6 млн рублёў. Гэта жабрацкая пенсія», - прадаўжае Яскевіч.
Таксама прадпрымальнікі заявілі, што калі да Новага года праблема не будзе развязаная, то яны не выйдуць на працу.
«Страйк – вымушаны захад», - кажуць яны.
Нагадаем, 500 прадпрымальнікаў рынку ў Полацку апоўдні 16 кастрычніка пачалі страйкаваць на знак пратэсту супраць масавых праверак, якія праводзяць супрацоўнікі падатковай інспекцыі і АБЭЗ. У раённай падатковай інспекцыі прадпрымальнікаў папярэдзілі пра тое, што праверкі будуць прадаўжацца. Таксама ўлады сталі патрабаваць ад прадпрымальнікаў спецыяльныя сертыфікаты на свой тавар, але так як аптовыя базы ў Расеі, дзе ў асноўным і набываюць тавар беларусы, працуюць без сертыфікатаў, у малога бізнэсу з'явіліся складанасці.