3 траўня 2024, Пятніца, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары «вёскі навукоўцаў» у Лошыцы пратэстуюць супраць зносу

4
Жыхары «вёскі навукоўцаў» у Лошыцы пратэстуюць супраць зносу

Жыхары «вёскі навукоўцаў» у мікрараёне Лошыца падалі скаргу ў раённую пракуратуру на дзеянні адміністрацыі Ленінскага раёна.

Ініцыятыўная група жыхароў «вёскі навукоўцаў» у мікрараёне Лошыца падала скаргу ў раённую пракуратуру на дзеянні адміністрацыі Ленінскага раёна Менска, паведаміў БелаПАН са спасылкай на каардынатара кампаніі «Генплан - для менчукоў!» Дзяніса Кобрусева.

Паводле ягоных слоў, падставай для скаргі стала адмова раённай адміністрацыі ўключаць прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы ў склад камісіі для правядзення грамадскага абмеркавання «Унясенне змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання жылога раёна Лошыца».

Жыхары двойчы, 4 і 9 лістапада, падавалі звароты аб уключэнні сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі. Адміністрацыя Ленінскага раёна двойчы адмаўлялася.

Грамадскае абмеркаванне «Унясенне змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання жылога раёна Лошыца» праходзіць з 2 лістапада да 26 лістапада. Як патлумачыў Кобрусеў, раней дэталёвым планам меркавалася захаванне «вёскі навукоўцаў», новы план прадугледжвае яе знос. Жыхары ўзялі актыўны ўдзел у грамадскім абмеркаванні карэкціроўкі Генеральнага плана Менска і накіравалі зварот у Менгарвыканкам за подпісам 60 чалавек з патрабаваннем захоўваць прыватную забудову.

Як адзначыў Кобрусеў, гісторыя завулка Лошыцкага (раней вуліцы Мічурына) цесна звязаная з гісторыяй Лошыцкай сядзібы. Да пачатку 20 стагоддзя сядзіба Любанскага была не толькі адным з цэнтраў свецкага і інтэлектуальнага жыцця Менскай губерні, але і мела адну з самых вядомых і эфектыўных гаспадарак, а ўладальнік сядзібы з'яўляўся актыўным чальцом Менскага сельскагаспадарчага таварыства.

У 1925 году менавіта тут было адкрыта Беларускае аддзяленне Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі ды новых культур - першая ў рэспубліцы спецыялізаваная ўстанова ў галіне пладаводства.

Сярод цяперашніх жыхароў «вёскі навукоўцаў» ужо трэцяе пакаленне навукоўцаў-біёлагаў, кандыдаты навук у галіне хіміі, фізікі, эканомікі, галоўныя інжынеры-праграмісты буйных кампаній, выкладчыкі вядучых ВНУ Менска, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР, прэмій прэзідэнта Беларусі, у тым ліку і для маладых таленавітых навукоўцаў, спецыялісты ў іншых кірунках.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках