Прафзвязы запатрабавалі ад Лукашэнкі скасаваць кантрактную сістэму
17- 3.11.2015, 16:46
- 14,683
Актывісты Беларускага прафзвяза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) прапануюць перавесці ўсіх кантрактнікаў на бестэрміновыя працоўныя дамовы.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» распавёў старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.
«Такі крок будзе справядлівым у дачыненні да выбаршчыкаў, дазволіць матываваць высокапрадукцыйную працу і значна аздаравіць мікраклімат на прадпрыемствах і ў калектывах», - напісалі аўтары звароту.
Генадзь Фядыніч інтэрв'ю заявіў, што сённяшняя сітуацыя з кантрактнай сістэмай задавальняе толькі ўладу:
- У лісце мы адзначылі, што кантрактная сістэма ў краіне дзейнічае не так, як трэба. Дэкрэт №29 з'явіўся на свет у далёкім 1999 годзе, калі востра паўстала пытанне, як ўтрымліваць высокакваліфікаваных спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. І тады ўжыванне гэтага дакумента дазволіла пераводзіць работнікаў на кантракты з істотным павелічэннем заробку. І ў той жа час кадры змаглі захаваць на многіх прадпрыемствах. А што адбываецца цяпер? На кантракты перавялі ўсіх! Пры гэтым са многімі працоўныя пагадненні ўкладаюцца на зусім кароткі тэрмін - на год. Атрымліваецца, што чалавек кожны год павінен жыць у страху, што яго могуць звольніць або не прадоўжыць кантракт.
- У лісце вы прапанавалі Лукашэнку скасаваць вышэйназваны дэкрэт?
- Так, бо працоўныя стасункі павінны рэгулявацца інакш, гэтая форма сябе вычарпала. Нават у суседніх Расеі ды Украіне такога няма. Таму мы прапанавалі скасаваць дэкрэт і перавесці ўсіх кантрактнікаў на бестэрміновыя працоўныя дамовы. Кантракты могуць заставацца толькі для кіраўнікоў і іх намеснікаў і галоўных бухгалтараў. Акрамя таго, намі прапанавана, каб усе надбаўкі ды выплаты, прадугледжаныя кантрактам, былі пераведзеныя ў тарыфы і аклады.
- Хто сёння найбольш зацікаўлены ў кантрактнай сістэме?
На жаль, сама ўлада, якая і трымаецца за гэта становішча рукамі і нагамі. Кантрактная сістэма - гэта выдатная магчымасць зрабіць работніка пакорным. А непакорлівых кантракт дае магчымасць звольніць.