Падарожжа начным Берасцем: апраметная цемра на вуліцах і аварыйныя сітуацыі
55- 6.12.2015, 9:35
- 33,197
Ці ёсць жыццё ў начным Берасці?
Як працуе дзяжурнае асвятленне ключавых вуліц? Выпрабаваць на сабе, як гэта - ездзіць на аўто цёмным горадам. З такім рэдакцыйным заданнем карэспандэнты «Брэсцкай газеты» адправіліся ў міні-падарожжа па абласным цэнтры ўночы 1 снежня.
Да 01:00 - асвятленне працуе, але не ўсё
Практыка апускання горада ў змрок пачалася ўночы з 16 на 17 лістапада. У мэтах эканоміі гарвыканкам загадаў адключыць асвятленне вуліц. Першапачатковая пастанова прадугледжвала адключэнне святла ў поўным аб'ёме, уключаючы выходныя дні, з 00:00 да 05:00. Пазней яе адкарэктавалі. Цяпер «эканомяць» з 01:00 да 05:00 толькі буднямі.

З 30 лістапада ў Берасці запрацавала дзяжурнае асвятленне. Увамкнутыя ліхтары пакінулі на вуліцах Леніна, Маскоўскай, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, праспектах Машэрава і Рэспублікі, Варшаўскай шашы.
Па горадзе журналісты праехаліся двойчы - а 00:00, калі асвятленне працуе ў звычайным рэжыме, і пасля гадзіны ночы, калі горад апускаецца ў цемру.
Міні-падарожжа пачалося ад аўтавакзала, які а 23.57 быў асветлены цалкам. На вул. Міцкевіча журналісты накіраваліся ў бок чыгуначнага вакзалу. Дабраліся без прыгод: і вуліцы, і мост, і Прывакзальная плошча былі асветленыя.
«Праз адзін гарэлі ліхтары на вул.Кіжаватава. Такі спосаб асвятлення быў не рэдкасцю. Амаль на ўсіх вуліцах, якімі нам давялося праязджаць, ліхтары гарэлі праз адзін-два. Ад чыгуначнага вакзала мы праехаліся на вул.Леніна, збочылі на вул.Гогаля і накіраваліся да Берасцейскай цытадэлі. Аўтамабілістаў на шляху сустракалася няшмат, аднак яны былі, - пішуць аўтары артыкула. - Больш жвавы рух назіраўся каля памежнага пераходу «Варшаўскі мост». Пакідаць тэрыторыю роднай краіны мы не планавалі, таму збочылі ў процілеглы ад мяжы бок. Праехаліся па Варшаўскай шашы, бульвары Шаўчэнкі, збочылі на праспект Машэрава і праверылі, ці гараць ліхтары на Савецкай. Горад свяціўся агнямі».
Пасля 01:00 - апраметная цемра на Піянерскай і сустрэча з ДАІ
Цемра заспела журналістаў на аўтазапраўцы на вул. Вясёлкавай. Адтуль вул. Пушкінскай яны «краліся» ўжо ў цемры. Краліся, бо хуткасць з дазволеных па горадзе 60 км/г давялося знізіць да 40 км/г. Але нават гэта не дапамагло своечасова заўважыць двух дзяўчат у цёмных куртках, якія галасавалі на ўзбочыне. Убачылі іх, толькі праязджаючы паўз іх. І калі б дзяўчыны выйшлі на дарогу, то, хутчэй за ўсё, апынуліся б на капоце.
На вул.Міцкевіча зарыентавацца было таксама складана. «Пазнаць» аўтавакзал можна было дзякуючы асвятленню ўнутры будынка.
З чыгуначным вакзалам пашанцавала больш. На мосце ліхтары і вонкавая рэклама патухлі, але сам вакзал падсвятляецца, таму зарыентавацца можна. Затое вуліцы Чырвонагвардзейская і Рэспубліканская апынуліся ў поўнай цемры.
На вуліцы Леніна сапраўды працуе дзяжурнае асвятленне. Чамусьці падсвятляецца і частка «абласной дошкі гонару». Можа, для таго, каб народ нават уночы мог раўняцца на найлепшых?
У змрок занурыліся вул.Гогаля і Зубачова. Пры пад'ездзе да Берасцейскай цытадэлі не вытрымліваем і парушаем: на секунду ўключаем далёкае святло. Інакш зарыентавацца проста немагчыма.
Амаль нічога не змянілася на Варшаўскай шашы. Працягвала гарэць расцяжка са сцягам і гербам, свяціліся некаторыя білборды. Нязручна, але і не страшна было ехаць праспектам Машэрава і вул.Маскоўскай. Там ліхтары гараць праз адзін-два. Частку вул.Савецкай ратуюць газавыя ліхтары.
Самым цяжкім адцінкам дарогі быў Партызанскі праспект. Тут апраметная цемра. Хоць рух ёсць і там. Уздоўж паўзе машына хуткай дапамогі. Мабыць, цяпер берасцейцам трэба яшчэ больш сур'ёзна ставіцца да свайго здароўя. Здарся што - і ўночы медыкі могуць проста не паспець.
На Партызанскім настолькі цёмна, што цяжка зразумець, паўз якіябудынкі праязджаеш. З праспекта збочылі на вул.Янкі Купалы, дзе сітуацыя не лепшая. Тут аўтамабіль спыняе інспектар ДАІ, які правярае дакументы і цікавіцца, ці ведае кіроўца і пасажыр, якой вуліцай яны едуць.
Развітаўшыся з ім, журналісты збочваюць на вул.Піянерскую. Кіроўца своечасова ўбачыў чалавека на пешаходным пераходзе. Аўтарка тэксту здолела заўважыць яго толькі тады, калі ён праходзіў паўз самаход. На шчасце, гэта апошняя небяспечная сітуацыя за ноч.
Рух уначы не такі жвавы, як удзень. Але і каменданцкую гадзіну ў Берасці не ўводзяць, таму і аўтамабілісты, і пешаходы працягваюць рух. Дзяжурнае асвятленне асобных вуліц у гэтым выпадку дапамагае, але мала. Бо людзі жывуць не толькі там. «Вядома, эканомія - штука карысная, але ці варта гэта рабіць коштам бяспекі гараджан? Тым больш у горадзе, які горда называюць заходняй брамай Беларусі, а ў гэтым годзе яшчэ і яе культурнай сталіцай. Не той іміджствараем», - высноўвае выданне.