Аляксандр Макаеў: Пакуль Статкевіч у турме, выбараў быць не можа
4- 10.02.2015, 20:15
- 13,388
Нельга браць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, пакуль за кратамі застаюцца палітвязні.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў намеснік кіраўніка руху «Разам» Аляксандр Макаеў. Так ён пракамэнтаваў ініцыятыву вылучэння Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
«Мы падтрымліваем гэтую ідэю, - сказаў ён. - Маральна Статкевіч цяпер пакутуе за народ, за тое, каб у нас было рэальны падзел улад, за ўсё тое, чаго пазбаўленыя беларусы з 1996 года. Улічваючы тое, што адзін з удзельнікаў папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі знаходзіцца ў турме, яго і трэба вылучаць цяпер у якасці кандыдата. Гэта маральна і слушна. Важна, каб палітыкі адкінулі свае амбіцыі, адхілілі тых, хто хоча ўдзельнічаць у гэтым фарсе і падтрымалі б патрабаванне вызвалення і вылучэння Мікалая Статкевіча ў якасці кандыдата. Маральнасць павінна быць насамперш. Усё астатняе - потым».
Палітык мяркуе, што калі ўлады не вызваляць Мікалая Статкевіча, то браць удзел у выбарах нельга.
«Бо напраўду выбараў няма. Нават спаборніцтва кандыдатаў няма. Ёсць імітацыя гэтага. Таму толькі няўдзел. Вядома, што будуць заганяць і на папярэдняе галасаванне, і на пункты ў дзень выбараў. Будуць «каруселі» - яны навучыліся ў расейцаў. Няўдзел у гэтым - слушная ідэя з маральнага пункту гледжання. Першы крок для кансалідацыі апазіцыі - гэта менавіта няўдзел людзей у выбарах у выпадку адмовы ўлад вызваліць Мікалая Статкевіча», - сказаў ён.