Гомельскага актывіста абвінавачваюць у «хлуслівым паведамленні»
11- 10.02.2015, 20:41
- 14,464
Актывіста з Гомеля Канстанціна Жукоўскага абвінавачваюць у «хлуслівым паведамленні».
9 лютага грамадскаму актывіста з Гомеля Канстанціну Жукоўскаму затэлефанавалі з РАУС Чыгуначнага раёна і прапанавалі прыйсці ў аддзел для складання пратаколу за хлуслівае паведамленне, інфармуе ПЦ "Вясна".
"7 лютага мне патэлефанаваў знаёмец і паведаміў, што каля грамадска-палітычнага цэнтра, на вуліцы Палескай, стаяць удзельнікі мотапрабегу з Беларусі і Расеі, і што яны плішчацца ў двор, каб сарваць бел-чырвона-белы сцяг, які вісіць над будынкам.
Затэлефанаваў знаёмец менавіта мне, бо я бліжэй за ўсіх жыву, і грамадска-палітычны цэнтр трэба было ратаваць ад тых байкераў з «Расейскага свету». Я адразу выклікаў міліцыю і пабег туды. У той час у будынку грамадска-палітычнага цэнтра нікога не было, бо быў выходны. Калі я прыйшоў на месца здарэння, то байкераў там ужо не было, толькі прыехала міліцыя. У выніку мяне хочуць зрабіць вінаватым», - распавёў Жукоўскі.
Удзельнікі клубаў «Начныя ваўкі» і «Расейскія матацыклісты» ладзілі прабег «Белая Русь» маршрутам Масква - Смаленск - Наваполацк - Менск - Бабруйск - Гомель - Бранск. Мотапрабег праходзіў з 4 да 8 лютага. «Шлях пілігрымаў пройдзе па святых гістарычных мясцінах расейска-беларускай зямлі. Мерапрыемства ажыццяўляецца дзеля славы прападобных святых ваякаў-манахаў, якія здзейснілі чын у імя расейскай зямлі, і ставіць сваёй мэтай захаванне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны Русі, яе духоўных традыцый і вартасцяў», - паведамлялі арганізатары. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Дэпартамэнту турызму Міністэрства культуры РФ, Расейскага ваенна-гістарычнага таварыства і Нацыянальнага дабрачыннага фонду.
Беларускі Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне за ўчыненне правапарушэння паводле артыкулу 17.6 (хлуслівае паведамленне) у выглядзе штрафу да 15 базавых адзінак.