24 снежня 2024, aўторак, 19:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Указ N222: прадпрымальнікі могуць падаць позву ў суд ЕАЭС

6
Указ N222: прадпрымальнікі могуць падаць позву ў суд ЕАЭС

ІП як суб'екты гаспадарання Беларусі і МС могуць падаць у суд ЕАЭС у сувязі з дзеяннем указа N222.

"Цяпер індывідуальныя прадпрымальнікі з'яўляюцца суб'ектамі гаспадарання не толькі Беларусі, але і Мытнага саюза. Для гэтага выпадку (дзеянне ўказа - ІФ) ёсць суд ЕАЭС, які знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Еўразійскай эканамічнай камісіі. Я думаю, што прадпрыемцам трэба падрыхтаваць дакумэнты ў гэты суд, у сувязі з тым, што абмежавалі іх правы ў галіне рэалізацыі прыдатнай для ўжывання прадукцыі на тэрыторыі краін МС", - заявіў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч.

Тлумачачы свой пункт гледжання, Змітровіч адзначыў, што "падпісаўшы міждзяржаўнае пагадненне аб стварэнні МС, Беларусь узяла на сябе пэўныя абавязанні". Так, удакладніў ён, Беларусь павінна выконваць нарматыўныя дакумэнты МС і дастасаваць нацыянальную нарматыўную базу. "Толькі так прыводзяцца ў дзеянне міжнародныя дакумэнты. І згодна з нормамі міжнароднага права міжурадавыя пагадненні маюць больш высокую юрыдычную моц ў дачыненні да нацыянальных нарматыўных актаў, у тым ліку да ўказаў і дэкрэтаў", - працягнуў дырэктар аналітычнага цэнтра.

Змітровіч таксама нагадаў, што калі падпісваліся дакумэнты аб МС, быў прыняты цэлы шэраг пагадненняў: пагадненняў аб тэхнічных рэгламэнтах, аб гарманізацыі нарматыўнай базы, аб абарачэнні прадукцыі. "Калі дакладна прачытаць, што такое выдача прадукцыі ў абарачэнне – гэта "размяшчэнне на рынку дзяржаў - членаў Мытнага саюза прадукцыі, якая адпраўляецца са склада вытворцы для рэалізацыі на тэрыторыі дзяржаў - членаў Мытнага саюза", - працытаваў прадпрымальнік пагадненне аб абарачэнні прадукцыі. Ён падкрэсліў, што "гэты тавар мае статус тавару Мытнага саюза".

"Акрамя таго, у пагадненні дакладна прапісана - "стораны забяспечваюць абарачэнне прадукцыі без выстаўлення дадатковых патрабаванняў да такой прадукцыі, якая размяшчаецца на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц Мытнага саюза", - працягнуў Анатоль Змітровіч.

Прадстаўнік Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва таксама звярнуў увагу на тое, што ў заканадаўстве МС няма парадку аднастаронняга абмежавання рэалізацыі прыдатнай да ўжывання прадукцыі, у тым ліку і каляндарнага абмежаванні. "Вы ўявіце сітуацыю: Беларусь адпраўляе ў Расію партыю трактараў або МАЗаў, а Расея заяўляе: "Вы сваю прадукцыю можаце прадаваць толькі 6 каляндарных месяцаў", - сказаў ён.

"Выходзіць, што распрацоўшчыкі ўказа N222 увялі ў зман Лукашэнку, які гэтую норму падпісаў. Гэта значыць, нормы ўказа парушылі нормы міжнародных дакумэнтаў для асобных суб'ектаў гаспадарання", - працягнуў Змітровіч.

На думку дырэктара Аналітычнага цэнтра канфедэрацыі, у прадпрымальнікаў ёсць два варыянты развязання праблемы ў прававым полі. "Першы - гэта выканаць указ аб зняцці з рэалізацыі рэшткаў тавараў і падаць дакумэнты ў суд ЕАЭС. Другі: калі гэта ўказ Лукашэнкі, то толькі ён мае права даць распараджэнне ўраду аб карэкцыі нормаў указу. А ўрад павінен прыняць пастанову, у якім бы адзначалася, якія структуры прыцягнуты да гэтага працэсу, а самае галоўнае, якія матывацыйныя дакумэнты і эканамічныя абгрунтаванні служаць прычынай такіх змен. І ў якіх рамках будзе мяняцца гэты ўказ. Калі ў рамках тэрмінаў рэалізацыі рэшткаў тавараў, то гэта будзе выпусташаны ўказ. Калі ўказ будзе змяняцца ад А да Я, тады чаму б не пагаварыць пра тэзіс абавязковай наяўнасці суправаджальных дакумэнтаў", - адзначыў ён.

"Для прадпрымальнікаў Беларусі 1 сакавіка – гэта "часіна ікс" - будуць яны далей працаваць і ажыццяўляць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць ці не", - падкрэсліў Змітровіч.

Паводле ягоных слоў, "калі яшчэ на пачатку снежня мінулага года здавалася, што развязанне пытання пераносу даты ліквідацыі рэшткаў штосьці можа змяніць у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, то пасля ўсіх падзей (дэвальвацыя, крызіс у раздробным гандлі) ужо большасць прадпрымальнікаў цяміць, што падаўжэнне гэтага тэрміну - гэта падаўжэнне толькі іхняй агоніі". Акрамя таго, Анатоль Змітровіч заўважыў, што пасля 1 сакавіка ўказ здолеюць выконваць толькі 2-2,5 тысячы прадпрыемцаў.

"Маё меркаванне: у сувязі з крызісам у нас і сітуацыяй у Расеі трэба накласці мараторый на ўказ і прыпыніць яго дзеянне. Проста прыпыніць. Гэты ўказ прымаўся похапкам, і распрацоўшчыкі не ўлічылі вельмі шмат нюансаў. Але калі дзяржава хоча пазбавіцца прыкладна 65-70 тысяч падаткаплатнікаў, то гэта яе права", - падрахаваў Змітровіч.

Як паведамлялася, з 1 ліпеня 2014 года ў Беларусі для ІП - платнікаў адзінага падатку ўказам N222 уведзены абавязак мець суправаджальныя дакумэнты на ўвозныя ў Беларусь тавары, у тым ліку і з краін Мытнага саюза. Да 1 сакавіка 2015 года ім дадзенае права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакумэнтаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісах рэшткаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках