Алесь Бяляцкі: З турмы прывёз дадому 40 тысяч лістоў
2- 15.02.2015, 11:22
- 10,832
У Берасці адбылася сустрэча з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім і прэзентацыя ягонай кнігі «Ртутнае срэбра жыцця».
Былы палітвязень пісаў гэтую кнігу падчас знаходжання за кратамі. І вызваліўся з турмы Алесь Бяляцкі ўжо пасля выхаду сваёй кнігі ў свет.
На сустрэчу з праваабаронцам прыйшлі блізу 30 жыхароў горада, паведамляе «Радыё Свабода».
Спачатку Алесь Бяляцкі распавёў пра тое, як пісалася кніга:
«Сама ідэя прыйшла досыць нечакана. Адна з нашых калегаў папрасіла, каб я напісаў пра тое, як я ездзіў у Кыргызстан у 2010 годзе. Там быў міжнацыянальны канфлікт, былі моцныя сутыкненні, шмат людзей загінула... Пасля гэтага ліста былі іншыя, якія тычыліся нашай сітуацыі ў Беларусі», - кажа Алесь Бяляцкі.
Кніга складаецца з лістоў, якія праваабаронца адпраўляў з-за кратаў, ахоплівае апошнія некалькі гадоў жыцця Бяляцкага, вяртае чытача да апошніх прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Сканчаецца апошнім словам Алеся Бяляцкага на судзе 23 лістапада 2011 года, калі ён быў прысуджаны да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры». Бяляцкі быў вызвалены паводле амністыі 21 чэрвеня 2014 года.
Падчас прэзентацыі кнігі і сустрэчы з праваабаронцам берасцейцы засыпалі Бяляцкага рознымі пытаннямі, але перш за ўсё іх цікавіў той час, які ён правёў у зняволенні. Алесь Бяляцкі адказаў на кожнае пытанне, пасля чаго падзякаваў за вялікую колькасць лістоў, якія яму дасылаліся ў калонію. З ягоных слоў, ён прывёз дадому амаль 40 тысяч лістоў.
Падчас сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі кнігу з аўтографам Алеся Бяляцкага.