«Нармандская чацвёрка» запатрабавала спынення агню ў Дэбальцаве
12- 15.02.2015, 20:40
- 27,665
Падчас тэлефонных перамоў аб выкананні Менскіх пагадненняў стораны заявілі, што агонь павінен спыніцца ўсюды, у тым ліку ў Дэбальцаве.
Сёння прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў тэлефонную размову з Федэральнай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам і Расеі Уладзімірам Пуціным. Пра гэта ідзе гаворка ў паведамленні прэс-службы кіраўніка ўкраінскага дзяржавы.
Супольная пазіцыя лідараў нармандскай чацвёркі - спыненне агню павінна тычыцца ўсёй лініі сутыкнення, у тым ліку Дэбальцава.
Як адзначаецца ў паведамленні, прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што для адводу вайсковай тэхнікі і цяжкага ўзбраення патрабуецца поўнае і безумоўнае спыненне агню.
Пятро Парашэнка, Ангела Мэркель, Франсуа Аланд і Уладзімір Пуцін адзначылі патрэбу стварэння варункаў для працы назіральнікаў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Дэбальцаве Данецкай вобласці для маніторынгу і верыфікацыі рэжыму спынення агню, піша liga.net.
Суразмоўцы дамовіліся прадоўжыць перамовы ў нармандскім фармаце.
Нагадаем, поўнае двухбаковае спыненне агню на Данбасе 15 лютага з 00 гадзін паводле кіеўскага часу было прадугледжана "Комплексам захадаў для выканання Менскіх пагадненняў", зацверджаным у Менску пасля найскладанейшых перамоваў працягласцю амаль 15 гадзін з удзелам лідараў Украіны, Нямеччыны, Францыі і РФ, а таксама чальцоў кантактнай групы для спынення вайны на Данбасе.
Сёння Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ заявіла, што пасля абвяшчэння рэжыму спынення агню а 00:00 15 лютага, абстрэлы былі зафіксаваныя ў Дэбальцаве, Данецку, Луганску і Райгарадку.