13 лiстапада 2024, Серада, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Бялкоўскі: Менскія пагадненні, безумоўна, з'яўляюцца фальшыўкай

15
Станіслаў Бялкоўскі: Менскія пагадненні, безумоўна, з'яўляюцца фальшыўкай

Менскія перамовы - толькі часовы перадых для ўсіх старон канфлікту, і ўсе перамоўнікі гэта разумелі.

Пра прычыны, якія заахвоцілі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна развязаць вайсковы канфлікт ва Ўкраіне, расейскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі распавёў у эфіры тэлеканала "Дождж".

"Дэбальцава - ключавы транспартны вузел паміж Данецкай і Луганскай абласцямі, які вельмі важны з вайсковага пункту гледжання, менавіта таму ў Менску была спрэчка - ёсць кацёл ці не. Менавіта таму замірэнне перанеслі на 00.00 гадзін 15 лютага, хоць можна было яго абвясціць і раней, каб разабраліся, чыё Дэбальцава. Фактычна гэта ўсё азначае, што Пуцін разглядае ўсе гэта замірэнне як тактычны прыём перад прадаўжэннем вайны.

Як бы мы ні ставіліся да Ангелы Мэркель і Франсуа Аланда, я ўпэўнены, што яны разумеюць што да чаго, і што цяперашняе кіраўніцтва "ДНР" і "ЛНР" на 120% падкантрольнае Крамлю, але трэба ж неяк падыгрываць Пуціну, трэба яго псіхалагічна расслабляць.

Менскія пагадненні, безумоўна, з'яўляюцца фальшыўкай, проста трэба было спыніць вайну ўсялякай платай з тактычных меркаванняў, кожнай старане - са сваіх. Але найперш гэта трэба было Еўропе, Мэркель і Аланду, каб паказаць, што спыніць вайну ў Еўропе можна. Уладзіміру Пуціну было важна аднавіць сам дыялог. Бо ён спыніў вайну яшчэ ў канцы мінулага года ў надзеі на саміт у Астане 15 студзеня, дзе ён збіраўся пагаварыць з лідарамі Францыі і Нямеччыны аб тым, як ён будзе вяртацца ў статус аднаго з найважнейшых мадэратараў сучаснага свету. Ангела Мэркель скасавала саміт, сказаўшы, што пакуль расейскія войскі не пакінуць тэрыторыю Ўкраіны, гаварыць няма пра што. Тады сталі абстрэльваць Марыупаль і наогул аднавілася ўся эскалацыя канфлікту. Пуцін даваў зразумець, што пакуль з ім не адновіцца наўпроставы дыялог, вайна прадоўжыцца. З ім аднавілі наўпроставы дыялог. Першасны вынік дасягнуты - з ім ужо маюць стасункі. Ён ужо выгнанец не на 100%, а на 87%", - заявіў Бялкоўскі.

Але Менскія дамовы не будуць выконвацца, бо для Пуціна 87% павінны стаць 0%.

"Ён хоча "Ялцінскай канферэнцыі - 2", ён хоча стаць новым Сталіным, з якім будуць дамаўляцца пра лёсы свету. Адзінае, чаго ён не ўлічвае, - гэта тое, што свет кардынальна змяніўся. Ялцінская-Патсдамскай свет, створаны Рузвельтам, Чэрчылем і Сталіным, абрынуўся ў 1989 годзе разам з падзеннем Бэрлінскага муру.

Мы жывем у свеце, дзе няма фіксаваных зон уплыву, межаў і ўсяго іншага. Дзе Расея імкліва губляе ўплыў, бо яна больш не з'яўляецца крыніцай пазітыўных узораў. Ні палітычных, ні сацыяльных, ні тэхналагічных, ні маральных. Якое ж выйсце з гэтага? Вайна.

Магу сказаць, што ў нядаўнім выступе Пуціна, прысвечаным вываду войскаў з Афганістана, адлюстраваныя ўсе ягоныя асабістыя праблемы на сённяшні дзень. Першае, што ён сказаў: "Гады мінаюць". Да каго гэта мае дачыненне? Да яго самога. Ён стаў прэзідэнтам у 47 гадоў, цяпер яму 62. Найлепшыя гады ягонага жыцця прайшлі ў вобразе "раба на галерах". І ён гатовы адпомсціць усім тым, хто ўсе гэтыя гады жыў поўным жыццём, а найлепшы спосаб помсты - распачаць нейкую вайну. Каб усе зразумелі, што перад тварам вайны яны ўсе роўныя. Далей. Ён кажа не пра Афганістан, а пра тое, што яго рэальна хвалюе: пра Украіну і Крым. Ён думае, што калі б ён не ўвёў войскі ва Украіну, то там было б NATO", - адзначае экспэрт.

Самыя значныя "птушкі" ў Расеі сёння - гэта сілавікі, мяркуе Бялкоўскі.

"Насуперак уяўленню прагрэсіўнага грамадства аб тым, што ў Крамлі ёсць нейкія жудасныя сілавікі, якія падштурхоўваюць Пуціна да вайны, а левая нага і правая рука Пуціна супраціўляюцца, скажу, што гэта не так. Самыя вялікія "птушкі" сёння - гэта сілавікі, бо яны разумеюць рэальны маштаб ахвяр. І той жа Шайгу не шчаслівы ад таго, што яго падначаленыя заганяюць прызыўнікоў на гэтую вайну, адмаўляючы тое, што расейскія войскі там бяруць удзел.

Паводле ацэнак ваенных экспэртаў, з якім я меў стасункі, сам удзел расейскіх Узброеных сіл, усе гэтыя выстралы з "Градаў", "Смерч" і гэтак далей - гэта некалькі мільярдаў даляраў, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў Расеі досыць крытычна. Мне здаецца, што ў адрозненне ад Пуціна, які развязвае свае псіхалагічныя праблемы праз вайну, і на выдаткі яму напляваць, для многіх яго памагатых, нават якія маюць імідж "ястрабаў", гэтая вайна не на карысць абсалютна. Пытанне толькі ў тым, ці здолеюць эліты спыніць Пуціна", - падсумоўвае палітолаг.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках