Яўген Чычваркін: З гопнікамі з падваротні не дамаўляюцца
9- 17.02.2015, 15:09
- 48,482
Мяркуючы з апошніх падзей у зоне АТА ў Данбасе, Украіна можа забыцца аб Менскіх дамоўленасцях.
Пра гэта "Обозревателю" распавёў Яўген Чычваркін - расейскі бізнэсовец, які жыве ў вымушанай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, стваральнік міжнароднага холдынгу "Евросеть".
Распавядаючы пра ўражанні ад візіту ва Украіну, Чычваркін адзначыў: "Уражанні агулам, вядома, добрыя, поўна спадзяванняў на пазітыўныя змены. Ёсць некалькі сур'ёзных асцярог з нагоды эканамічнага калапсу, верагоднасць якога нельга выключаць. І, зразумела, што вельмі сур'ёзныя асцярогі выклікае велізарная колькасць расейскіх войскаў, як у зоне канфлікту, так і ў зоне, дзе пакуль канфлікту няма".
Як падкрэсліў бізнэсовец, кажучы аб вялікай колькасці расейскіх вайскоўцаў, ён мае на ўвазе не толькі Крым, але і Беларусь, "дзе ўчора выявілі калону расейскіх войскаў".
"Але Херсон і Чарнігаў - гэта розная ступень небяспекі для дзяржавы Украіна - ад мяжы ў Чарнігаўскай вобласці да Кіева 2-3 гадзіны ходу на танках", - падкрэсліў ён.
Каментуючы Менскія пагадненні, бізнэсовец адзначыў: "Мяркуючы з навін апошняй гадзіны, аб гэтых дамоўленасцях варта забыцца. З тэрарыстамі не дамаўляюцца, з гопнікамі з падваротні не дамаўляюцца - ад іх альбо ўцякаюць, альбо б'юць іх, альбо яны цябе рабуюць і збіваюць. Варыянтаў некалькі, але сярод іх няма варыянту "дамовіцца".
Чычваркін растлумачыў, што называе гопнікамі Пуціна і ягонае асяроддзе, бо лідары сепаратыстаў наўпрост кіруюцца расейскай "партыяй вайны".