Forbes: Еўропа і ЗША нарэшце абвясцілі, што расейскія жаўнеры ваююць ва Украіне
14- 18.02.2015, 20:07
- 64,387
Гэта азначае, што яны назвалі Уладзіміра Пуціна хлусам.
У артыкуле Пола Радэрыка Грэгары пад назвай «Еўропа і ЗША нарэшце абвясцілі, што расейскія салдаты ваююць ва Ўкраіне», апублікаванай на сайце Forbes (пераклад - УНІАН), пішацца пра тое, як за апошнія дні змянілася рыторыка Захаду аб тым, што тычыцца вайны ва Украіне.
У Менску 12 лютага прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка паказваў пашпарты расейскіх жаўнераў, злоўленых або забітых ва Украіне. Прапагандысты Уладзіміра Пуціна адразу ж высмеялі такую «палітычную камедыю», але Парашэнка паказаў, што Расея вядзе неабвешчаную вайну, выкарыстоўваючы рэгулярныя войскі і расейскую вайсковую тэхніку, каб знішчыць больш слабае войска, сцвярджаючы пры гэтым, што яе вайскоўцаў няма ва Украіне. Каб заблытаць ўсіх яшчэ больш, Пуцін заявіў, што ўсе расейцы, якія ваююць ва Украіне, гэта ідэалісты-добраахвотнікі, якім ніхто не плаціць, і на якіх Крэмль практычна ніяк не можа паўплываць. Пуцін нават намагае, што «Расея не з'яўляецца стараной канфлікту», яна - просты назіральнік.
Пуцін выкарыстоўвае метад «вялікай хлусні», і вялікая частка свету верыць у яе.
Заходнія сродкі масавай інфармацыі і дыпламаты ахвотна паўтаралі словы Крамля. Яны рэгулярна кажуць пра «паўстанцаў, падтрымоўваных Расеяй бунтарах, сэпаратыстах і пра грамадзянскую вайну ва Украіне», але не пра расейскія танкі і ракетныя ўстаноўкі, якімі кіруюць рэгулярныя расейскія войскі, і не пра расейскіх генэралаў, якія даюць загады на полі бою, або аб расейскай вайсковай выведцы, якая штурмавала данецкі аэрапорт. Рэдакцыі ў розных заходніх краінах асцярожныя: у нас няма стоадсоткавых довадаў, таму давайце засцеражэмся і будзем паўтараць за Пуціным.
На «вялікай хлусні» Пуціна - пра тое, што няма ніякіх войскаў і абсталявання, і Расея ніяк не ўплывае на сэпаратыстаў - створаны ягоны аповед пра неабвешчаную вайне ва Украіне. Міжволі заходняя прэса, дыпламаты і экспэрты падыгрывалі яму праз сваю асцярожнасць, якая замінала ім называць рэчы сваімі імёнамі.
Да мінулага тыдня Захад не аспрэчваў «вялікую хлусня» Пуціна. Нават самыя гучныя крытыкі, такія як прадстаўніца ЗША ў ААН Саманта Паўэр, абвінавачвалі Расею ў забеспячэнні і навучанні сэпаратыстаў, але ўнікалі сцвярджэнняў аб рэгулярных войсках.
Трыванне еўрапейцаў і амэрыканцаў, нарэшце, скончылася. Сітуацыя змянілася, калі прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнта Джэніфэр Псакі, выступаючы 13 лютага, сказала наступнае:
«Расейскія вайскоўцы разгарнулі вялікую колькасць артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню вакол Дэбальцава, дзе яны абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскага войска... Мы ўпэўненыя, што гэта тэхніка расейскіх вайскоўцаў, а не сэпаратыстаў. Расейскія войскі таксама разгарнулі сістэмы СПА паблізу Дэбальцава. Мы таксама ўпэўненыя, што гэта сістэмы расейскіх вайскоўцаў, а не сэпаратыстаў».
Еўрапейскі звяз учора пераняў прыклад ЗША і таксама паведаміў аб прысутнасці расейскіх войскаў ва ўсходняй Украіне ў сваіх афіцыйных дакумэнтах. У Афіцыйным часопісе Еўрапейскага звязу таксама гаварылася пра тое, што адзін чыноўнік з Міністэрства абароны РФ і два генэралы былі дададзеныя ў афіцыйны чорны спіс за ўдзел «у разгортванні расейскіх войскаў ва Украіне», а таксама за тое, што яны «бралі ўдзел у фармаванні і рэалізацыі ваеннай кампаніі расейскіх войскаў ва Украіне». Дакумэнт быў падпісаны на самым высокім узроўні Вярхоўнай прадстаўніцай ЕЗ ў замежных справах і палітыцы бяспекі Фэдэрыкай Магерыні, якая няўхільна ўнікла якіх-небудзь згадак пра тое, што расейскія ўзброеныя сілы дзейнічаюць ва Украіне.
Такія імклівыя змены рыторыкі на Захадзе за апошнія некалькі дзён адбываюцца ў сувязі з тым, што расейскія войскі і сэпаратысты працягваюць абстрэл і атачэнне галоўнага чыгуначнага вузла, парушаючы апошняе мірнае пагадненне, падпісанае 12 лютага. У «Менскай умове II» таксама выкарыстоўваецца асцярожная дыпламатычная мова, напрыклад, «сведчанне таго, што Расея рэгулярна дае сэпаратыстам усё большую падтрымку, што кажа аб адказнасці Расеі», і заклікае да таго, каб «замежныя ўзброеныя групы» пакінулі тэрыторыю Украіны.
Еўрапейскія дыпламаты неафіцыйна назвалі новую рыторыку «выяўным і зразумелым сігналам супраць расейскай прапаганды і ўсёй хлусні пра тое, што Расея не ўдзельнічае ў ваенным канфлікце».
Прапагандысцкая машына Пуціна трапіла ў вялікую ямін пасярод дарогі. Яе адказ будзе гняўлівым, моцным і зруйнавальным, і гэта закране не толькі блогераў і камэнтатараў, але і Дзярждэпартамэнт ЗША ды Еўрапейскую камісію.
Начальнік войскаў ЗША ў Еўропе патлумачыў, чаму Захад «працягваў спрэчкі аб прыродзе паўстання». Ён выказаў думку аб тым, што некаторыя хочуць «двухсэнсоўна казаць пра тое, што адбываецца, каб даць тым, хто не хоча верыць, нагоду не верыць».
Тое, што еўрапейцы і амэрыканцы адмовіліся ад фальшывага наратыву Крамля аб грамадзянскай вайне ва Украіне, дзе змагаюцца сэпаратысты і расейскія «добраахвотнікі», пазбаўляе іх «магчымасці не верыць». Гэта таксама азначае, што яны назвалі лідэра іншай краіны, Уладзіміра Пуціна, хлусам.
Першым крокам у развязанні кожнай праблемы заўсёды з'яўляецца дакладнае вызначэнне яе існасці. Еўропа і ЗША неахвотна пайшлі на гэты крок. Далей варта дзейнічаць.