За гандаль без сертыфікатаў ІП будуць штрафаваць на 9 мільёнаў
86- 19.02.2015, 8:19
- 86,351
Тавар і выручку могуць канфіскаваць.
Гандаль без дакументаў і сертыфікатаў якасці з 1 сакавіка пагражае прадпрымальнікам штрафам да 50 базавых. Сёння гэта 9 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, кантралёры могуць канфіскаваць у іпэшнікаў і самі рэчы, і атрыманую выручку. Адказнасць ІП за парушэнне нормаў тэхрэгламенту Мытнага саюза растлумачылі ў Міністэрстве падаткаў і збораў. Яна прадугледжаная артыкулам 12.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў гандлю), піша TUT.by.
9 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы ўказ «Аб захадах у забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Гэтым дакументам таксама ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за парушэнне правілаў гандлю. У Дзяржстандарце кажуць, што канкрэтныя захады будуць прапісаныя найбліжэйшым часам: рыхтуецца блізу 20 змяненняў у дзейнае заканадаўства.
З наступнага месяца напоўніцу ўваходзіць у дзеянне ўказ № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці». Дакумент абавязвае іпэшнікаў мець суправаджальныя дакументы і сертыфікаты якасці на ўвесь свой тавар.
Без іх пакуль можна прадаваць тыя рэчы, якія ІП паспелі прывезці ў Беларусь да ліпеня мінулага года. Але з сакавіка такой магчымасці больш не будзе.
«Для індывідуальных прадпрымальнікаў мінае пераходны перыяд, цягам якога ім дадзенае права рэалізаваць рэшткі тавараў без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, на падставе вопісу такіх тавараў. Пачынаючы з 1 сакавіка рэалізацыя рэшткаў не дапускаецца», - тлумачаць у Міністэрстве падаткаў і збораў.
Патрабаванне ІП дазволіць бестэрміновы продаж рэшткаў тавару ўлады абмеркавалі, але не зацвердзілі.
«Цяпер Беларусь абмежаваная прынятымі на сябе міжнароднымі абавязаннямі. І сёння мы больш не можам падаўжаць тэрміны, якія б супярэчылі патрабаванням наднацыянальнага заканадаўства», - заявіла на нядаўнім Форуме прадпрымальнікаў дырэктарка дэпартамента прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак.
Прадпрымальнікі ўжо паспелі назваць 1 сакавіка «чорным днём». Яны запэўніваюць, што малы бізнэс не зможа працаваць паводле новых правілаў. Каб пазбегнуць штрафаў і канфіскацыяў, многія іпэшнікі збіраюцца проста закрыць свае гандлёвыя кропкі.