Запасы нафты ў ЗША сталі рэкорднымі за 80 гадоў
2- 20.02.2015, 11:04
- 8,856
Камерцыйныя запасы нафты ў ЗША за апошні тыдзень выраслі на 7,7 мільёна барэляў, да 425,6 мільёна барэляў.
Гэта максімальнае значэнне за апошнія 80 гадоў, паведамляе Міністэрства энэргетыкі Злучаных Штатаў.
Пры гэтым запасы бензіну выраслі на 500 тысяч барэляў, або на 0,2 адсоткі. Яны дасягнулі 243,1 мільёна барэляў, піша Lenta.ru.
Раней на фоне чакання публікацыі звестак аб амерыканскіх запасах нафты марка Brent на лонданскай біржы ICE патаннела да 58,41 даляра за барэль. Паводле звестак на 20:10 паводле менскага часу барэль Brent каштуе 59,96 даляра.
11 лютага ЗША выйшлі на першае месца ў свеце ў здабычы нафты. У 2014 годзе Злучаныя Штаты здабывалі 11,81 мільёна барэляў у дзень. Расея апынулася на другім месцы з 10,93 мільёна барэляў.
26 студзеня кіраўнік АПЕК Абдала аль-Бадры паведаміў, што пры пэўных умовах нафта можа падаражэць да 200 даляраў за барэль.
У банку Goldman Sachs мяркуюць, што бліжэйшыя тры месяцы барэль WTI будзе каштаваць 41 даляр (раней меркаваўся паказчык 70 даляраў), Brent - 42 даляры (раней - 80 даляраў). У Сусветным банку прагназуюць, што 2015-ы стане годам нізкіх коштаў нафты. Арганізацыя адзначае, што ў 2016-м яны вырастуць, але нязначна.
Прэзідэнт «Лукойла» Вагіт Алекпераў мяркуе, што кошт нафты можа апусціцца да 25 даляраў за барэль.
Фота: AFP