22 снежня 2024, Нядзеля, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ перагледзіць энэргетычныя стасункі з Расеяй

2
ЕЗ перагледзіць энэргетычныя стасункі з Расеяй

Еўракамісія мае намер стварыць адзіны энэргетычны рынак, знізіць залежнасць ад РФ і надаць большую ўвагу Украіне.

Еўрапейскі звяз будзе разглядаць пытанне аб пераглядзе энэргетычных стасункаў з Расеяй, грунтаваных на рынкавых умовах. Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на праект дакумэнта Еўракамісіі, паведамляе РБК.

«Пры адпаведных умовах ЕЗ будзе разглядаць пытанне аб пераглядзе энэргетычных стасункаў з Расеяй, якія грунтуюцца на роўных умовах адкрытага рынку, сумленнай канкурэнцыі, абароны навакольнага асяроддзя і бяспекі, для ўзаемнай выгады абедзьвюх старон», - гаворыцца ў праекце дакумэнта, з якім выпала азнаёміцца Reuters .

Еўракамісія мае намер стварыць адзіны энэргетычны рынак, грунтаваны на трансгранічных злучэннях, падвысіць надзейнасць энэргазабеспячэння і знізіць залежнасць ад Расеі, якая пастаўляе прыкладна адну траціну энэргетычных рэсурсаў у Еўразвяз. Афіцыйную пазіцыю наконт энэргетычнага звязу Еўракамісія павінна апублікаваць на наступным тыдні, удакладняе агенцтва.

Таксама ЕЗ надасць большую ўвагу Украіне як транзітнай краіне для паставак расейскага газу. Еўразвяз надасць увагу развіццю яе інфраструктуры і сістэмы энэргетыкі, падвышэння энэргаэфэктыўнасці і зніжэння яе залежнасці ад імпарту.

На пачатку лютага кампанія «Газпром» заявіла аб намеры павялічыць экспарт газу ў Еўропу. Калі спатрэбіцца, кампанія гатова нарасціць аб'ём здабычы газу прыкладна ў паўтары разы, да 650 млрд куб.м газу, паведамляў РІА «Новости» начальнік дэпартамэнта пэрспэктыўнага развіцця кампаніі Дзмітрый Люгай. «У выпадку ўзнікнення за бліжэйшыя 10 гадоў спрыяльных эканамічных варункаў «Газпром» мае істотны патэнцыял павелічэння аб'ёмаў здабычы газу да ўзроўню 550-650 млрд куб.м», - заявіў ён.

У той жа час улады ЗША мерацца пасунуць Расею з энэргетычнага рынку Еўропы, скараціўшы дзель «Газпрома» да 2020 года на 20% на рынку ўсходнееўрапейскіх дзяржаў. Так, ЗША надаюць тэхналагічную і палітычную падтрымку, а Заходняя Еўропа ўзяла на сябе фінансаванне, гаварылася ў аглядзе, падрыхтаваным Associated Press.

Для рэалізацыі гэтых мэт ЗША дапамогуць пракладваць новыя газаправоды і будаваць тэрміналы для захоўвання звадкаванага газу ў рэгіёне, які цяпер на 70% залежыць ад расейскіх энэргетычных паставак, паведамляла агенцтва. Паводле звестак AP, Крэмль са свайго боку папярэджвае ўрады суседніх дзяржаў аб наступствах спроб атрымліваць энэргарэсурсы з Захаду.

Пра намер звесці да нуля спажыванне расейскага газу заяўлялі і ўкраінскія ўлады. Сярод іншага, пра гэта ў сярэдзіне лютага заявіў прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк. «Мы давялі, што здольныя пазбавіцца ад расейскай газавай залежнасці. Я хачу гэта [спажыванне расейскага газу] звесці да нуля», - казаў ён. З гэткай ініцыятывай выступаў раней і прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. «Ці можаце вы ўявіць, што шэсць гадоў таму мая краіна пастаўляла 70 млрд куб.м газу? Сёння - сорак [млрд куб.м]. Гэта дасягненне было зроблена летась. Я цалкам перакананы, што праз два гады нам наогул не будзе патрэбны расейскі газ. Гэта вельмі важны чыннік энэргетычнай незалежнасці маёй краіны», - казаў ён падчас свайго выступу ў інстытуце Еўропы пры Цюрыхскім універсітэце.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках