Камароўскі: Захад павінен ціснуць на РФ з дапамогай адзінай пазіцыі і эканомікі
3- 21.02.2015, 14:27
- 8,935
Захад мае тры варыянты ціску на Маскву для змены паводзін Уладзіміра Пуціна на ўсходзе Украіны.
Пра гэта ў эфіры тэлеканала TVN24 заявіў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, піша gordonua.com.
«Першы - адзінства заходняга свету. Польшча можа адыгрываць ключавую ролю, паколькі мы з'яўляемся чальцамі Еўрапейскага звязу і NATO», - растлумачыў ён.
Са слоў Камароўскага, другая магчымасць палягае ў эканамічнай моцы Еўропы і Амерыкі.
«Варта памятаць, што эканоміка Расеі роўная памеру эканомікі Італіі. Еўропа павінна смела выкарыстоўваць свае перавагі ў гэтай галіне», - падкрэсліў польскі прэзідэнт.
Трэцім кірункам з'яўляецца падтрымка Украіны ў паляпшэнні яе здольнасці абараніць сваю тэрыторыю, дадаў Камароўскі.
«Варта падумаць пра гэта. ЗША цяпер на стадыі абмеркавання гэтага пытання. Я думаю, што мы ў Польшчы не павінны здзейсніць памылку, зачыніўшы гэтую тэму. Калі ёсць дыскусія аб пастаўках зброі ва Украіну, мы павінны разгледзець яе», - сказаў ён.
Прэзідэнт Пётр Парашэнка і віцэ-прэзідэнт Джозэф Байдэн падчас тэлефоннай размовы 20 лютага абмеркавалі неабходнасць скаардынаваць пазіцыю і далейшыя дзеянні ЗША, Еўрапейскага звяза і Украіны. Парашэнка настаяў, што ў выпадку, калі сітуацыя не палепшыцца, ЗША і ЕЗ павінны ўвесці далейшыя санкцыі супраць Расеі і прыняць меры для ўзмацнення абараназдольнасці Украіны.
Пры гэтым Дзярждэпартамэнт ЗША мяркуе, што дзеянні РФ на ўсходзе Украіны нясуць пагрозу сусветнаму парадку.