Працоўныя МАЗа масава звальняюцца з прадпрыемства
123- 22.02.2015, 8:48
- 161,476
Завод ужо трэці месяц працуе чатыры дні на тыдзень.
Пра гэта ў рэдакцыю charter97.org паведамляюць рабочыя МАЗа.
«На заводзе проста жах. Працы мала. Ужо са снежня працуем у адну змену, заробак маленькі, працуем чатыры дні на тыдзень. Большасць людзей шукаюць новую працу», - распавялі яны.
Нагадаем, у краіне ўжо некалькі месяцаў запар паступаюць паведамленні аб пераводзе прадпрыемстваў на чатырох- і трохдзёнку, аб няпоўных выплатах заробкаў і аб іх памяншэнні, а таксама аб прымусовым выпраўленні ў адпачынак за свой кошт.
Некалькі дзён таму прэзідыум Беларускага прафзвязу работнікаў прамысловасці падвёў вынікі працы за 2014. Прынамсі, было агучана, што на прамысловых прадпрыемствах Беларусі колькасць працаўнікоў паменшылася больш чым на дзесяць тысяч чалавек. Больш за ўсё супрацоўнікаў страцілі такія прамысловыя гіганты, як ЗАТ «Атлант», ААТ «МАЗ», ААТ «Менскі маторны завод» і ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік». Усяго прайшлі праверкі ў 173 арганізацыях і было выяўлена 1184 парушэнні заканадаўства аб працы. Пра гэта паведаміў галоўны прававы інспектар рацы Беларускага прафзвязу работнікаў прамысловасці Іван Ціпко.