Лідары ЕЗ заўтра абмяркуюць пашырэнне санкцый супраць Расеі
9- 22.02.2015, 21:24
- 11,671
Прэзідэнт Еўрапейскай Рады пачне кансультацыі з лідарамі краін-чальцоў ЕЗ наконт пытання пашырэння эканамічных санкцый у сувязі з агрэсіяй супраць Украіны.
Пра гэта Дональд Туск сказаў у нядзелю ў Кіеве пасля агляду выставы "Прысутнасць. Довады агрэсіі расейскіх войскаў на тэрыторыі Украіны", паведамляе "Інтэрфакс-Украіна".
"Я пачну ў панядзелак кансультацыі аб правядзенні некаторых мерапрыемстваў у сувязі з агрэсіяй", - сказаў ён.
На ўдакладняльнае пытанне, пра якія захады ідзе гаворка, ён адзначыў: "Найперш, мы павінны пашырыць эканамічныя санкцыі".
Ён таксама звярнуў увагу на важнасць спрыяння ўстанаўленню маніторынгу ўздоўж мяжы і за выкананнем рэжыму спынення агню. На пытанне, ці ідзе гаворка пра паліцэйскую місію, старшыня Еўрапейскай Рады сказаў: "Магчыма".
Як вядома, у нядзелю Дональд Туск і прадстаўнікі замежных дзяржаў прыбылі ў Кіеў для ўдзелу ў Маршы годнасці.
Раней прэзідэнт Еўрапейскага Звязу паведаміў, што праводзіць кансультацыі з лідарамі краін-чальцоў Еўразвязу ў сувязі з эскалацыяй сітуацыі ва Украіне.
"Мы дасягаем пункту, калі далейшыя дыпламатычныя намаганні будуць бескарысныя, калі іх не падмацаваць надзейнымі далейшымі дзеяннямі", - канстатуецца ў заяве Туска.