Магілёўскія прадпрымальнікі будуць пратэставаць супраць указу Лукашэнкі
60- 23.02.2015, 14:05
- 74,156
Магілёўскія прадпрымальнікі рыхтуюць акцыю пратэсту.
Пра гэта charter97.org паведаміў старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.
- Прадпрымальнікі Магілёва масава падаюць «нулявыя» падатковыя дэкларацыі за сакавік. Адпаведна, падаткі і арэндныя платы за сакавік людзі не аплачваюць. Усе гандлёвыя цэнтры і рынкі з 1 сакавіка будуць закрытыя. 2 сакавіка прадпрымальнікі збіраюцца а 11:00 выйсці да помніка Леніна на цэнтральную плошчу горада.
Акрамя таго, высветлілася, што калі рэшткі не будуць вывезеныя з гандлёвых аб'ектаў 28 лютага, то 1 сакавіка яны будуць канфіскаваныя, - паведаміў ён.
Журналіст charter97.org удакладніў у аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў з Магілёва Аляксея, якая абстаноўка ў горадзе і які настрой у ягоных калег.
- Настрой працоўны. Мы ўжо падалі нулявыя дэкларацыі. Сапраўды, прадпрымальнікі збіраюцца выйсці на плошчу Леніна 2 сакавіка, каб прасіць ва ўладаў даць нам магчымасць працаваць.
- Паводле вашых ацэнак, шмат выйдзе чалавек?
- Не магу прагназаваць колькасць чалавек, бо акцыя будзе насіць стыхійны характар. Шмат хто, вядома, баіцца. Сярод тых, каго я ведаю, усё вельмі па-рознаму: хтосьці гатовы ісці да канца, хтосьці закрывацца, хтосьці верыць у цуд і мяркуе, што ім лютага 28 скажуць, што можна працаваць.
Нагадаем, Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся напярэдадні ў Менску, не вызначыў галоўнай задачы, якая стаяла перад ягонымі ўдзельнікамі - адтэрмінаваць уваходжанне ў дзеянне ўказа Лукашэнкі №222, які абавязвае мець з 1 сакавіка суправаджальныя дакументы на кожную адзінку тавару. Гандляваць без належных суправаджальных дакументаў праз тыдзень будзе забаронена. У выпадку парушэнняў прадпрымальнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскаваны. Ужо цяпер праходзяць масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.
Прадстаўнікі галіны канстатуюць, што ў выніку тысячы прадпрымальнікаў будуць вымушаныя спыніць дзейнасць, бо аптовыя базы ў Расеі, дзе ў асноўным і затаварваюцца беларусы, працуюць без сертыфікатаў.