23 снежня 2024, панядзелак, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнікам ЕЗ распавялі пра новую справу супраць палітвязня Дзядка

3
Прадстаўнікам ЕЗ распавялі пра новую справу супраць палітвязня Дзядка

Беларускія праваабаронцы сустрэліся з прадстаўнікамі замежнапалітычнага ведамства Еўразвяза.

Пра змест сустрэчы, якая праходзіла 24 лютага ў офісе Еўракамісіі ў Менску, піша ПЦ «Вясна».

Беларусь на сустрэчы прадстаўлялі Валянцін Стэфановіч (ПЦ «Вясна»), Жанна Літвіна (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Зміцер Чарных (Беларускі Хельсінскі камітэт), Сяргей Мацкевіч (Асамблея НДА), Андрэй Ягораў (Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі), Дзяніс Мельянцоў (Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў), Алена Красоўская-Каспяровіч (платформа инновэйшн) і Аляксей Казлюк (Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend). З боку Еўрапейскай службы замежнай дзейнасці - намеснік генеральнага сакратара Хельга Шміт, дырэктар Дэпартамента ў сувязях з краінамі Усходняга партнёрства Гунар Віганд, а таксама кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі Майра Мора.

Еўрачыноўнікі праводзілі гэтую сустрэчу адразу пасля сустрэчы з Лукашэнкам. Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, гутарка хоць і была непрацяглай, але дастатковай, каб абмеркаваць з прадстаўнікамі ЕЗ асноўныя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

«Нашу гутарку паважаныя госці пачалі з таго, што на іх сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі прэзідэнт адзначыў, што Рэспубліка Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Украіны, але разам з тым былі абмеркаваныя пытанні датычныя не толькі ўкраінскага крызісу, але і правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Спадарыня Шміт, прынамсі, адзначыла, што Еўразвяз вітае пазіцыю кіраўніцтва Беларусі аб Украіне, але гэта не азначае, што яны не будуць заўважаць тое, што адбываецца ў Беларусі, паколькі Еўразвяз заўсёды грунтаваўся на каштоўнасцях у пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі», - распавёў праваабаронца.

У размове Валянцін Стэфановіч адзначыў, што праваабаронцы таксама падтрымліваюць пазіцыю беларускіх уладаў у дачыненні да ўкраінскага крызісу, «але, як было абсалютна справядліва адзначана, гэта не азначае, што мы не павінны заўважаць і крытыкаваць сітуацыю, якую мы маем унутры краіны».

«Я выказаў занепакоенасць тым, што, на жаль, не так шмат пазітыўных момантаў і змяненняў, якія б мы маглі адзначыць. Што асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы па-ранейшаму маюць досыць абмежаваны характар - як свабода асацыяцый, мірных сходаў, выказвання свайго меркавання. Што мы вельмі негатыўна, крытычна адзначылі апошнія змены ў законе аб сродках масавай інфармацыі…», - нагадаў змест свайго выступу Стэфановіч.

Увагу прадстаўнікоў Еўразвязу праваабаронца засяродзіў на праблеме палітычных зняволеных у Беларусі. «Я падкрэсліў, што мы прызнаем палітвязнямі шэсць асоб, паколькі ёсць інфармацыя, што ў ЕЗ вядуцца размовы толькі пра траіх. І асобна спыніўся на справе Мікалая Дзядка, суд у дачыненні да якога будзе адбывацца заўтра на тэрыторыі магілёўскай турмы, куды мы не зможам патрапіць; нагадаў, што гэты суд пагражае палітвязню яшчэ адным годам пазбаўлення волі паводле крымінальнага артыкула 411».

Сярод вострых праблем Стэфановіч таксама адзначыў, што беларуская дзяржава да гэтага часу прымяняе смяротнае пакаранне, што ў мінулым годзе праваабаронцы зафіксавалі тры выпадкі пакарання смерцю і з наяўнай інфармацыі адзін чалавек знаходзіцца ў камеры смяротнікаў у чаканні выканання прысуду. Што да выбараў ён нагадаў, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя паводле вынікаў папярэдніх наглядальных місій, застаюцца актуальнымі, што беларускія ўлады збольшага праігнаравалі гэтыя рэкамендацыі і праваабаронцы па-ранейшаму настойваюць на іх выкананні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках