Беларускія ўлады хочуць цалкам заблакаваць незалежныя сайты
147- 25.02.2015, 11:06
- 127,454
Мінсувязі заблакуе сродкі ананімнасці ў інтэрнэце - ананімайзэры, проксі, Tor.
Блакавацца будуць не толькі забароненыя сайты, але і ананімайзеры і сеткі накшталт Tor, якія дазваляюць атрымаць доступ да забароненых сайтаў, піша «Наша Нiва».
Згодна з пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра ад 19 лютага, Дзяржінспекцыя электрасувязі Мінсувязі будзе блакаваць доступ да проксі-сервераў і ананімным сетак накшталт Tor. Пастанова ўвайшла ў дзеянне з дня публікацыі.
Пастанова зацвердзіла парадак абмежавання доступу да рэсурсаў:
- Уладальнікам якіх вынесеныя два і больш пісьмовых папярэджанняў Мінінфармацыі цягам года,
- Якія размяшчаюць інфармацыю аб незаконным абароце наркотыкаў, альбо іншую інфармацыю, забароненую да распаўсюджвання,
- Уладальнікі якіх не выканалі патрабаванні дзяржоргана аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб СМІ.
Фармаваць «чорны спіс» будзе Дзяржінспекцыя электрасувязі паводле пастановы Мінінфармацыі. Доступ да спісу забароненых сайтаў будуць мець толькі дзяржорганы і пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг. Прапанаваць унесці сайт у чорны спіс цяпер могуць не толькі дзяржорганы, але і любы грамадзянін.
Доступ да сайта, які трапіў у «чорны спіс», будзе абмежаваны цягам 24 гадзін. Правайдэры абавязаныя вызначыць адказных за выкарыстанне сродкаў блакавання і аналізаваць «чорны спіс» раз у дзень.
Пры выяўленні сродкаў доступу да рэсурсаў з «чорнага спісу» Дзяржінспекцыя дадае ў «чорны спіс» ідэнтыфікатары і гэтых сродкаў таксама. Пастанова адпавядае курсу, прынятаму «палаткай»: у 2014 годзе быў падпісаны антынаркатычны дэкрэт, які дазваляў блакаваць у інтэрнэце рэсурсы забароненай тэматыкі, а таксама закон аб СМІ, які вызначыў парадак блакавання СМІ і прыраўноўваў да СМІ любы інтэрнэт-сайт.
Паводле новай пастановы, у Беларусі могуць быць заблакаваныя не толькі ананімайзэры і Tor, але і браўзэры накшталт Opera і «Яндекс.Браузер», якія дазваляюць у рэжыме сціскання трафіку патрапіць на фактычна любы рэсурс. Тэхнічна, для Беларусі могуць быць створаныя асобныя версіі гэтых браўзэраў без «забароненых» функцый.
Механізм блакавання Tor не вызначаны: тэхнічна заблакаваць кожны вузел магчыма, але ўсю сетку на ўзроўні правайдэра - складана.
Нагадаем, што з 19 снежня 2014 г. без тлумачэння прычын сайт charter97.org і шэраг іншых незалежных інтэрнэт-рэсурсаў былі заблакаваныя для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі.