Нямеччына ды Швэцыя папярэдзілі Расею пра новыя санкцыі
6- 25.02.2015, 19:59
- 11,814
Нямеччына ды Швэцыя заявілі пра гатоўнасць увесці новыя санкцыі супраць Расеі ў выпадку далейшай эскалацыі канфлікту на Данбасе.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэм'ер-міністр Стэфан Лявэн у сераду заявілі, што Еўропа гатовая ўвесці новыя санкцыі супраць Расеі ў выпадку патрэбы, аднак канцлерка выказала надзею, што рэжым спынення агню на Данбасе нарэшце прынясе станоўчыя вынікі. Пра гэта паведамляе LB.ua са спасылкай на агенцтва Reuters.
"Мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэты пробліск надзеі стаў рэальнасцю, - заявіла Мэркель, кажучы пра імплементацыі апошніх менскіх пагадненняў. - Гэта можа быць першым крокам (да міру на Данбасе. - Рэд.), нават калі ён усталёўваецца вельмі павольна".
Ангела Мэркель таксама падкрэсліла, што Еўразвяз павінен зрабіць захады для ўмацавання еўрапейскай бяспекі супольна з Расеяй.
"Мы хочам ладзіць бяспеку ў Еўропе разам з Расеяй, а не супраць яе", - адзначыла нямецкая канцлерка.
Раней дарадца канцлеркі Нямеччыны заявіў, што Расеі пагражае поўная міжнародная ізаляцыя, калі не будзе дээскалацыі гвалту на Данбасе.