Валянцін Стэфановіч: Улады Беларусі не збіраюцца вызваляць палітвязняў
10- 27.02.2015, 8:27
- 15,867
Лукашэнка не збіраецца выконваць патрабаванні ЕЗ.
Намеснік кіраўніка ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч пракаментаваў вынікі судовага працэсу паводле справы Мікалая Дзядка, які скончыўся ўчора ў Магілёўскай турме.
«Мы адназначна прызнаем вынесены прысуд у дачыненні да Мікалая Дзядка палітычна матываваным, - заявіў ён, - відавочна, што асудзілі яго за тыя дысцыплінарныя спагнанні, якія былі накладзеныя на яго значна раней. Асобы цынізм палягае ў тым, што судовае паседжанне адбывалася літаральна за лічаныя дні да заканчэння тэрміну зняволення палітвязня. Наогул, наяўнасць артыкула 411 у Крымінальным кодэксе недапушчальная, бо дазваляе адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі выкарыстоўваць яе выбарачным чынам у дачыненні да тых, кім адміністрацыя незадаволеная.
Шкада, што беларускія ўлады не прыслухаліся да меркавання праваабаронцаў. Такім чынам яны дэманструюць сваё стаўленне да пытання палітвязняў у Беларусі і відавочна не збіраюцца мяняць сваёй пазіцыі. Ніякіх вызваленняў палітвязняў чакаць не даводзіцца».
Нагадаем, судовы працэс над Мікалаем Дзядком праходзіў 25 і 26 студзеня на тэрыторыі Магілёўскай турме. Яму інкрымінавалі 16 парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартовага касцюма.
Суддзя Ленінскага суда Магілёва Ігар Шведаў вынес прысуд палітвязню за парушэнне арт. 411 Крымінальнага кодэксу - адзін год зняволення. Яшчэ 3 дні палітвязень правядзе ў турме ад першапачатковага тэрміну.
Праваабаронцы адзначаюць, што цягам апошніх месяцаў улады Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі супраць апазіцыі, журналістаў і прадпрымальнікаў. З'явіліся новыя палітвязні, пачасціліся прэвентыўныя арышты грамадскіх актывістаў, прыняты шэраг новых рэпрэсіўных законаў у дачыненні да СМІ, ідзе блакаванне незалежных сайтаў, узмацніўся ціск на дробны бізнэс. Экспэрты звязваюць узмацненне рэпрэсій з тым, што многія еўрапейскія чыноўнікі заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і спрабуюць наладзіць «дыялог» з дыктатарам.