Мікалай Дзядок: Сістэма, якая трымаецца на хлусні, абрынецца
32- 27.02.2015, 9:18
- 34,855
Палітвязня Мікалая Дзядка прысудзілі да дадатковага году зняволення.
Суддзя Ігар Шведаў прызнаў яго вінаватым у «злосным непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі». Праз чатыры дні Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю пасля чатырох з паловай гадоў зняволення. Судзілі палітвязня ў Магілёўскай турме №4, паведамляе «Радыё Свабода».
Са слоў Валерыі Хоцінай - жонкі Мікалая Дзядка, у сваім апошнім слове ён не прызнаў сябе вінаватым.
«Усім прадстаўнікам карных органаў, якія сабраліся тут, хачу нагадаць, што ўсякая сістэма, заснаваная на хлусні, гвалце, прыгнёце, калі-небудзь абрынецца і заваліць сабой усіх, хто яе падтрымлівае. І я не хацеў бы быць на вашым месцы, калі гэта здарыцца».
Мікалай Дзядок таксама сказаў, што як палітвязень падвяргаецца ціску адміністрацыі, і прысутныя на судзе пра гэта выдатна ведаюць. З ягоных слоў, новы крымінальны пераслед ініцыявалі спецслужбы, каб прымусіць яго падпісаць прашэнне аб памілаванні «праз псіхалагічны ціск і паспрабаваць здушыць на корані ўсякія пратэстныя рухі, якія могуць узнікнуць бліжэй да выбараў прэзідэнта».
Мікалай заўважыў, што ніякага выхаваўчага ўздзеяння на яго турма не аказала, і што яна ў прынцыпе не выконвае такіх функцый. Палітвязень назваў артыкул, паводле якога яго судзяць, абсурдным, бо за правапарушэнні яго ўжо каралі. І цяпер за тое ж самае караюць дадатковым годам. Ён таксама адзначыў, што гэты артыкул - метад ціску на нязгодных зняволеных.
Валерыя Хоціна, спаслаўшыся на адваката, адзначыла, што за 15 апошніх гадоў у Ленінскім судзе Магілёва не было ніводнай справы паводле артыкула «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі». У Беларусі такія справы вельмі рэдкія. «Яны хутчэй выключэнне ў агульнай масе крымінальных спраў», - пераказвала словы адваката Валерыя Хоціна. Адвакат прасіў, каб суд апраўдаў Мікалая.
Дзядок павінен быў выйсці на свабоду 3 сакавіка 2015 у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання.
Праваабаронцы адзначаюць, што цягам апошніх месяцаў улады Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі супраць апазіцыі, журналістаў і прадпрымальнікаў. З'явіліся новыя палітвязні, пачасціліся прэвентыўныя арышты грамадскіх актывістаў, прыняты шэраг новых рэпрэсіўных законаў у дачыненні да СМІ, ідзе блакаванне незалежных сайтаў, узмацніўся ціск на дробны бізнэс. Экспэрты звязваюць узмацненне рэпрэсій з тым, што многія еўрапейскія чыноўнікі заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і спрабуюць наладзіць «дыялог» з дыктатарам.