Марына Адамовіч: Без ціску ЕЗ палітвязняў было б значна больш
9- 3.02.2015, 9:56
- 16,231
Захаду трэба патрабаваць вызвалення ўсіх шасці палітвязняў Беларусі.
Больш за чатыры гады экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў зняволенні. Ён адзіны з сямі асуджаных пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, які застаецца за кратамі на абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён быў затрыманы ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 20 снежня 2010 года і прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі.
У гэтыя дні разгарнулася праваабарончая кампанія з мэтай нагадаць пра лёс Статкевіча і іншых пяці палітвязняў. Чаму апазіцыйнага палітыка дагэтуль не выпусцілі на свабоду? Як яму ўдаецца не падаць духам ва ўмовах псіхалагічнага прэсінгу і ізаляцыі? Пра гэта Deutsche Welle паразмаўляла з жонкай Мікалая Статкевіча Марынай Адамовіч.
- Чаму Лукашэнка дагэтуль трымае ў турме вашага мужа?
- Дыктатарскі рэжым трымаецца на страху і падаўленні свабоды асобы. Для яго нават у турме нязломны чалавек небяспечны. Тым больш, калі гэта - палітычны канкурэнт. Лукашэнка разумее, што Мікалай не зламаны. Яго мэта - зламаць Мікалая любым шляхам. Вызваленне азначала б для Лукашэнкі прызнанне ва ўласнай слабасці.
- Як Мікалай сябе адчувае?
- Мікалай за кратамі ўжо больш за чатыры гады. Гэта - 1500 дзён і начэй. За ўвесь гэты час ён 3,5 года правёў у закрытай камеры, ва ўмовах СІЗА і турмы, і толькі 6 месяцаў - у калоніі, дзе мог выходзіць на вуліцу, бачыць траву, дрэвы, неба над галавой.
Я тут на днях падлічыла, што за гэтыя 1500 дзён бачыла яго ўсяго 35 гадзін. З іх 15 гадзін - гэта сем кароткіх спатканняў праз двайное шкло і краты, і толькі 20 гадзін я была з ім побач. Гэта было адзінае наша доўгае спатканне. Спатканні ў турмах забароненыя. Таму застаюцца толькі лісты і вельмі рэдкія тэлефонныя званкі. З турмы яму дазвалялі тэлефанаваць толькі раз у месяц. Яму давалі не больш за 15 хвілін, у якія ўваходзіў час, праведзены ім ля апарата, набор нумара, чаканне адказу, усе званкі. Як будзе далей, я не ведаю. Чаканага тры дні таму званка з калоніі не было.
- У турмах спатканні забароненыя. Наколькі складана атрымліваць дазволу на званкі, лісты?
- Прыходзіцца змагацца за самую мінімальную магчымасць камунікацыі. У мяне тут тамы перапіскі з пракуратурай і МУС за магчымасць атрымліваць лісты. Калі ў ліпені 2011 года ўпершыню ад яго сталі патрабаваць прашэнне аб памілаванні, ад Мікалая перасталі прыходзіць лісты. Яго пазбавілі і спатканняў.
- Як вы думаеце, што дапамагае яму не падаць духам?
- Мікалай для мяне - крыніца сілы. Здавалася б, павінна быць наадварот. Але не я, а ён дае мне веру, што ўсё будзе добра. А сілы яму дае вера ў тое, што ён робіць. На свабодзе ён казаў, што здароўе - гэта капітал і ў яго трэба ўкладаць. Таму ўсе гэтыя гады ён актыўна займаецца спортам. Але ва ўмовах турмы, - без сонечнага святла, пры дрэнным турэмным харчаванні, - захаваць здароўе немагчыма.
Апошні раз мы бачыліся 17 снежня. Нам далі дзве гадзіны. Нават пры нашых вельмі рэдкіх і кароткіх сустрэчах мяне не пакідае адчуванне, што мы толькі ўчора рассталіся і прадаўжаем няскончаны дыялог. Быццам ён ні на імгненне не перарываўся ўсе гэтыя гады. Часта нават у лістах мы пішам адзін аднаму пра адно і тое ж. Ну, а падчас спатканняў, вядома, смяемся. Сапраўды гэтак жа, як і ў час тэлефонных званкоў.
- Ці могуць Мікалая вызваліць да прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе?
- За 1500 дзён я не раз чула запэўніванні, што Мікалай вось-вось выйдзе на волю. Тым не менш, ён усё яшчэ ў зняволенні. Але я не перастаю спадзявацца.
- Як Вы ставіцеся да таго, што дэмсілы хочуць вылучыць Мікалая адзіным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах?
- Гэта адзіны прымальны варыянт удзелу апазіцыі ў гэтай гнюснай кампаніі. Цяжка прадбачыць, палепшыць ці пагоршыць гэта лёс Мікалая. Лукашэнка можа яго вызваліць, каб сарваць магчымы байкот і міжнароднае непрызнанне чарговай "каранацыі". Гадаць, што ў галаве ў Лукашэнкі, - не мая задача.
- Ці дастаткова ЕЗ падтрымлівае палітвязняў Беларусі?
- Я вельмі ўдзячная еўрапейскім краінам і ЗША за тую дапамогу, якую яны надалі нам пасля 19 снежня 2010 года. Ніколі не забуду, што першымі прадстаўнікамі, якія прыехалі ў Беларусь, каб паспрабаваць дапамагчы ў вызваленні палітвязняў, былі нашы партнёры - нямецкія сацыял-дэмакраты. Гэта быў вельмі важны сігнал аб тым, што мы - не адны.
Без ціску з боку ЕЗ колькасць палітвязняў сёння была б значна большай. Вядома, трагічныя падзеі ва Украіне, а таксама страх і нізкая актыўнасць нашай грамадзянскай супольнасці знізілі ўвагу да Беларусі. Акрамя гэтага, мы бачым спробы з боку еўрапейцаў пачаць палітыку збліжэння з беларускімі ўладамі. Афіцыйныя асобы Латвіі, краіны, якая старшынствуе ў ЕЗ, нават заяўляюць аб магчымасці запрашэння Лукашэнкі ў Рыгу.
- Гэта небяспечна?
- Гэта небяспечна і непаслядоўна. Ні адна ўмова ЕЗ беларускімі ўладамі не выкананая. Любы дыялог завяршаецца там, дзе гаворка заходзіць аб грамадзянскіх і палітычных правах. І нават нягледзячы на нібы самастойную палітыку Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны, арыштоўваюцца нашы грамадзяне за акцыі салідарнасці з украінскім народам. Ну колькі можна наступаць на адны і тыя ж граблі? Колькі такіх "хваляў лібералізацыі" мы ўжо перажылі? Заканчваліся яны новым вітком рэпрэсій. Гэта - балюча.
Таму я заклікаю прадстаўнікоў ЕЗ: калі ласка, прыслухайцеся да нас. Патрабуйце вызвалення ўсіх, хто за свае перакананні быў пазбаўлены волі. На сёння ў Беларусі шэсць палітзняволеных: Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, Юрый Рубцоў і Мікалай Статкевіч. Не дазваляйце беларускім уладам дыктаваць вам свае ўмовы.