Бунт у Гародні: 400 прадпрымальнікаў адбівалі калегу у падаткавікоў (Відэа)
181- 3.02.2015, 12:27
- 253,818
Канфлікт адбыўся на Паўднёвым рынку Гародні.
Як паведамлялі відавочцы, на рынку сабралася амаль 300-400 чалавек.
Прычынай канфлікту, які пачаўся сёння блізу 7:30, стала раптоўная праверка падатковай інспекцыяй прадпрымальніка, што гандляваў джынсамі. Натоўп пачаў збірацца і гучна абурацца пасля таго, як падатковая, выявіўшы парушэнні, прыняла пастанову канфіскаваць тавар. Паводле непацверджанай інфармацыі, падатковыя інспектары не паказалі прадпісанне для правядзення праверкі, піша 015.by.
На месца здарэння была выкліканая міліцыя.
Калі першы нарад міліцыі падышоў да будкі, гарадзенцы пачалі гучна пляскаць і крычаць, каб яны арыштавалі падатковых інспектараў.
Відавочцы паведамлялі аб дзесяці міліцыянтах і амаль 300-400 абураных. Прадпрымальнікі зачынялі свае гандлёвыя месцы і абураліся, што ім не давалі нармальна працаваць.
Супрацоўнік міліцыі спрабаваў супакоіць людзей і растлумачыць сітуацыю. На відэа бачна, як супрацоўнік распавядаў пра адсутнасць парушэнняў з боку правяраючых органаў, а людзі патрабавалі паказаць прадпісанне. Відавочцы таксама распавялі аб з'яўленні людзей у грамадзянскім, якія здымалі ўсіх на камеры.
Блізу 10.20 супрацоўнікі міліцыі адвялі прадпрымальніка, у якога выявілі парушэнні ў гандлі джынсамі. Пасля гэтага астатнія прадпрымальнікі пачалі закрываць свае боксы і раз'язджацца.
Віталь, жыхар Гародні, які выпадкова апынуўся на Паўднёвым рынку Гародні ў момант канфлікту паміж падатковай і прадпрымальнікамі, распавёў charter97.org падрабязнасці.
«Усё пачалося з таго, што пайшоў слых пра тое, што падатковая з АБЭЗ пачалі «лічыць» аднаго з прадпрымальнікаў. Мы з прыяцелем пайшлі прагуляцца і паглядзець што ды як. І вось, прыйшлі да яго гандлёвага месца - а ў яго лічаць джынсы, усё трасуць. Без прадпісанняў, без нічога - зайшлі і пачалі трэсці. Насупраць як раз быў наш знаёмы, таксама гандляр джынсамі - і мы пайшлі да яго.
Была ці то неадпаведнасць з рэшткамі ці чалавек чагосьці не запісаў, калі іх прадаў. І пачалося: людзі сталі закрываць боксы і падыходзіць. Людзі адзін аднаму перадалі, што ў калегі канфіскоўваюць тавар. Прадпрымальнікі паспрабавалі зачыніць бокс і выгнаць падаткавікоў, але не атрымалася. Яны выклікалі міліцыю. Прыехала міліцыя, з імі прыехаў нейкі ці то палкоўнік, ці то генерал міліцыі і пачаў з людзьмі гаварыць. Яму пачалі задаваць пытанні, а ён нічога зразумелага адказаць не можа: кажа, маўляў, я тут чыста для таго, каб захоўваць парадак, каб усё было нармальна. Яму кажуць, што супрацоўнікі падатковай без прадпісання, парушаючы закон прыходзяць і канфіскоўваюць тавар. Ён кажа: мяне гэта не тычыцца. Усё як заўсёды!» - распавёў відавочца падзей.
«Людзей было вельмі шмат, чалавек 400 дакладна. Людзі прыходзілі, сыходзілі зачыняць свае боксы, вярталіся назад. Як высветлілася ўжо пазней, там было чалавек 20 міліцыі. Плюс мой сябар у гэты час ехаў па аб'язной дарозе - недалёка ад рынку на павароце стаяў аўтазак з амапаўцамі, «мордай» быў разгорнуты як раз у бок рынку. Чакалі каманды «фас», - распавёў Віталь.
Пасля таго, як міліцыя павяла прадпрымальніка, гандляры зачынілі свае боксы і раз'ехаліся.
«Цяпер ужо ўсё скончылася. Таго прадпрымальніка адвялі, яго забрала міліцыя з падаткавікамі. Усе прадпрымальнікі пазачынялі свае боксы і раз'ехаліся. Людзі баяцца! Ужо настолькі напалохалі народ. Я ведаю па сабе: у мяне мама гандлюе, я як раз быў у яе. Калі кагосьці «лічаць» - усё, людзі адразу пачынаюць закрывацца ад граху далей. Таму што гэта канфіскацыя, штрафы і гэтак далей. А з такімі таргамі, як цяпер гэта наогул бессэнсоўна. У выніку, засталіся падаткавікі, а ўсе астатнія разышліся. Напэўна, будуць адкрываць боксы, лічыць і адбіраць. Таму што народ ім вывезці тавар не даваў», - адзначыў ён.