Штраф для «валютчыкаў» павялічаць
9- 4.02.2015, 20:26
- 13,714
Штраф для "валютчыкаў" можа вырасці да 200 базавых адзінак.
Улады плануюць зрабіць больш жорсткай адказнасць за правядзенне незаконных валютна-абменных аперацый, паведамляе БелТА.
Цяпер, нагадаем, для фізічных асоб, якія праводзяць незаконныя валютна-абменныя аперацыі, прадугледжаны штраф у суме да 100 базавых адзінак. Пры гэтым грошы, што абменьваюцца, канфіскуюцца.
"Дэпартаментам фінансавых расследаванняў паводле вынікаў аналізу сітуацыі на валютным рынку ў канцы 2014 года ўнесеныя прапановы аб узмацненні адказнасці за правядзенне незаконных валютна-абменных аперацый. Распрацаваны адпаведны праект указа, які ўзгоднены з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і накіраваны для разгляду ва ўстаноўленым парадку прэзідэнту Беларусі", - распавёў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю - дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў.
Як растлумачыў намеснік начальніка аддзела ДФР КДК Юрый Кардымон, паводле асобных складаў правапарушэнняў за незаконныя валютна-абменныя аперацыі прапануецца павялічыць максімальную суму штрафу ўдвая. Атрымліваецца, што максімальны штраф для "валютчыкаў" можа вырасці да 200 базавых адзінак (36 мільёнаў рублёў).
Усяго ў мінулым годзе органамі фінансавых расследаванняў спынена 159 фактаў вядзення валютна-абменных аперацый, распачата 7 крымінальных спраў, канфіскавана грашовых сродкаў у эквіваленце 1,3 мільярда рублёў.
Асабліва актыўна выяўляць "валютчыкаў" праваахоўныя органы пачалі пасля з'яўлення праблем на фінансавым рынку і нястачы валюты ў абменніках. Напрыклад, у канцы студзеня міліцыя склала адміністрацыйны пратакол на дырэктара адной са сталічных фірмаў. Бізнэсмэн нелегальна гандляваў валютай. У момант затрымання ён прадаваў 5 тысяч даляраў паводле курсу значна вышэйшага за афіцыйны - адзін даляр каштаваў у затрыманага 16500 рублёў.