ЗША ўключылі санкцыі супраць Расеі ў новую стратэгію нацыянальнай бяспекі
1- 6.02.2015, 19:04
- 10,250
У стратэгіі асуджаецца расейская агрэсія супраць Украіны, а таксама прадугледжваецца працяг ціску на РФ пры дапамозе санкцый ды іншых захадаў.
Пра гэта гаворыцца ў тэксце новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША, якая маецца ва ўласным распараджэнні Bloomberg, паведамляе "ЕвроПравда". Стратэгія крытыкуе расейскую агрэсію супраць Украіны і абяцае, "як і раней, прымушаць Расею несці страты з дапамогай санкцый ды іншых сродкаў".
Як паведамляе агенцтва, у новай стратэгіі прэзідэнт Барак Абама заяўляе, што ЗША пераносіць сваю ўвагу за межы войнаў у Іраку і Афганістане для барацьбы з экстрэмізмам, тэрарызмам, кібэратакамі, расейскай агрэсіяй, зменай клімату ды іншымі пагрозамі.
Так, у дакумэнце адзначаюцца выклікі, з якімі ЗША давялося сутыкнуцца на працягу апошніх пяці гадоў.
Да іх залічаныя з'яўленне экстрэмісцкай групоўкі "Ісламская дзяржава ў Іраку і Сірыі", узмацненне супярэчнасцяў паміж Кітаем і амэрыканскімі хаўруснікамі ў Азіі, а таксама анэксія Расеяй Крыма і далейшая падтрымка сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны.
Як адзначаецца ў 33-старонкавым дакумэнце, спатрэбяцца гады, каб зліквідаваць пагрозы для нацыянальнай бяспекі ЗША.