ІП прапануюць адкупіцца ад сэртыфікатаў падвойным павышэннем падаткаў
85- 10.03.2015, 7:56
- 70,573
Магілёўскія чыноўнікі сустрэліся з прадпрымальнікамі.
Сустрэча прайшла ў гарвыканкаме. На ёй бізнэсоўцы паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні збіраецца падпісаць указ №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», у які нібыта ўнесены змены. Тычацца яны сэртыфікацыі замежных тавараў лёгкай прамысловасці. Прадстаўнікі малога бізнэсу сцвярджаюць, што дакументаў для сэртыфікацыі ім няма дзе ўзяць, паведамляе «Радыё Свабода».
Ва ўказе нібыта сэртыфікацыю прапануецца замяніць грашовай нагрузкай на прадпрымальнікаў. Яе падвысяць удвая ў параўнанні з цяперашняй. Бізнэсоўцам давядзецца выкласці ад 5 мільёнаў рублёў і вышэй за права гандляваць без сэртыфікатаў якасці.
«Плануецца, што прадпрымальнікі будуць плаціць падвоены адзіны падатак і чатырохразовы падатак на даданую вартасць. Прадпрымальнікі на сустрэчы сказалі, што яны не супраць гэтага», - паведаміла адна з удзельніц сустрэчы.
Са слоў суразмоўніцы, у сустрэчы ўдзельнічалі блізу двух дзесяткаў прадпрымальнікаў. У адрозненні ад папярэдніх двух, гэта размова была больш прыязнай.
Гандляры з рынкаў тым часам не спяшаюцца радавацца прапанаваным зменам. Кажуць, што трэба дачакацца спачатку ўказа. Тое, што сэртыфікацыю заменяць грашыма, для прадпрымальнікаў не стала сюрпрызам. Кажуць, такога чакалі. Гандляры адзначаюць: «Пытанне - дзе ўзяць грошы на тыя падаткі».
«Калі б добры быў гандаль, то ў гэтым не было б праблемы. Цяпер жа пакупніцкая здольнасць у людзей упала нашмат. Многія прадпрымальнікі і так збіраліся закрывацца і без тых патрабаванняў. Будуць скарачацца гандлёвыя пункты», - кажа адзін з прадпрымальнікаў.
«Плаціць жа трэба не толькі гэтыя падаткі, але і іншыя, якія пастаянна растуць. Дзе на гэта грошы ўзяць? Там жа такія паборы. Гэта будзе непасільная ноша. Баюся, што папоўніцца войска беспрацоўных. Многія збіраюцца адмаўляцца ад прадаўцоў і скарачацца. Тыя, хто прыдумаў гэтую сэртыфікацыю, пра людзей не думалі», - мяркуюць працаўнікі рынкаў.
Да першага сакавіка прадпрымальнікам дазвалялася прадаваць лішкі тавараў без сэртыфікатаў. Напярэдадні значная частка гандляроў не выйшла на працу, такім чынам выказаўшы пратэст супраць ўвядзення ўказу №222. Прадпрымальнікі заяўлялі, што выканаць патрабаванні ўказа не могуць. Яго ўвядзенне адтэрмінавалі.