«Рэпарцёры без межаў» разблакавалі забароненыя ўладамі сайты
11- 12.03.2015, 17:07
- 49,482

Праваабарончая арганізацыя пачала акцыю ў абарону незалежных СМІ ў інтэрнэце.
Яна зрабіла свабодным доступ да дзевяці навінавых сайтаў, заблакаваных у 11 краінах свету. Для адкрыцця доступу да забароненых рэсурсаў арганізацыя выкарыстоўвала тэхніку «люстэркаў», зрабіўшы копіі сайтаў на хмарных сэрвісах Amazon і Google, паведамляе BBC.
У спісе рэсурсаў - расейскі сайт «Грані-ру», Fergananews.com, забаронены ў Казахстане, Узбекістане і Туркменістане, іранскі Gooya News, два кітайскія сайты, а таксама рэсурсы, заблакаваныя на Кубе, у ААЭ, Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі.
Як паведамілі ў арганізацыі, блакаванне сэрвераў такіх інтэрнэт-гігантаў, як Amazon і Google, будзе несці для кіраўніцтва краін занадта высокія эканамічныя і палітычныя рызыкі, таму цяпер гэтыя сайты абароненыя ад цэнзуры.
У арганізацыі паведамілі, што будуць падтрымліваць доступ да гэтых сайтаў цягам некалькіх месяцаў.
Нагадаем, беларускія карыстальнікі неаднаразова скардзіліся на тое, што ў нашай краіне перыядычна блакуецца доступ да апазіцыйных сайтаў і незалежных СМІ, у тым ліку да charter97.org.