ЕЗ прадоўжыць санкцыі супраць Расеі да верасня
2- 13.03.2015, 14:04
- 7,359
Еўразвяз прыняў пастанову падоўжыць тэрмін дзеяння санкцый, уведзеных у якасці рэакцыі на сітуацыю ва Украіне, на паўгода.
Аб гэтым паведамляецца на сайце Еўрапейскай рады ў пятніцу, 13 сакавіка, піша БелаПАН.
Падоўжаныя абмежавальныя захады, якія дзейнічаюць у дачыненні да 150 фізічных асоб і 37 арганізацый, вынікае з паведамлення.
Працяг санкцый ухвалены ў мэтах выканання пастановы Рады ЕЗ ад 29 студзеня.
У гэты спіс увайшоў шэраг расейскіх чальцоў урада, палітыкаў, парламэнтароў, бізнэсоўцаў, высокапастаўленых прадстаўнікоў розных міністэрстваў і ўстаноў, а таксама кіраўнікоў Крыма, непрызнаных ЛНР і ДНР.
Нарматыўны акт, у якім будзе зафіксаваная пастанова аб працягу санкцый, будзе апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕЗ 14 сакавіка.
16 лютага ў афіцыйным часопісе ЕЗ быў апублікаваны павялічаны спіс асоб, у дачыненні да якіх прынятыя адрасныя санкцыі.
Агулам у спіс трапілі 19 фізічных і дзевяць юрыдычных асоб. Сярод іх - першы намеснік старшыні камітэта культуры Дзярждумы, народны артыст СССР Іосіф Кабзон, першы намеснік міністра абароны РФ Аркадзій Бахін і намеснік міністра абароны РФ Анатолій Антонаў. Акрамя таго, у спісе значацца начальнік галоўнай аперацыйнай управы Генштаба Узброеных сіл РФ генерал-лейтэнант Андрэй Картаполаў і дэпутат Дзярждумы, кіраўнік маскоўскага аддзялення КПРФ Валерый Рашкін.