Алесь Бяляцкі: Журналістаў і праваабаронцаў выбіваюць з перадвыбарнага працэсу
4- 14.03.2015, 19:24
- 12,969
Улады не хочуць, каб інфармацыя аб парушэннях закона даходзіла да людзей.
Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі пракаментаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" апошнія факты пераследу журналістаў і праваабаронцаў у Магілёве.
"12 сакавіка адбыўся ператрус у памяшканні, дзе размяшчаюцца рэдакцыя газеты "Наш Магілёў" і філіял ПЦ "Вясна", у аўторак, 17 сакавіка, у абласным судзе - працэс аб ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра. Відавочна, што гэтыя падзеі звязаныя паміж сабой. Прэтэнзіі , якія абласныя ўлады мелі да незалежных журналістаў і праваабаронцаў, цяпер пачалі набываць форму канкрэтнага пераследу з мэтай запалохаць, спыніць журналісцкую актыўнасць і пазбавіць адзіную зарэгістраваную абласную праваабарончую арганізацыю легальных правоў для дзейнасці. Гэта спланаваная акцыя", - напісаў былы палітвязень.
Паводле ягоных слоў, пераслед праваабаронцаў і журналістаў набывае сталы характар. Яшчэ зусім нядаўна з краіны была высланая праваабаронца Алена Танкачова, у рэгіёнах ідуць адміністрацыйныя працэсы супраць журналістаў, якія працуюць на незалежныя СМІ.
"Такім чынам улады рыхтуюцца да выбараў. Яны спрабуюць выбіць журналістаў і праваабаронцаў з перадвыбарнага і выбарчага працэсу з тым, каб як мага менш інфармацыі аб парушэннях падчас выбараў, пра тое, як выбары праходзяць, даходзіла да людзей, да міжнароднай грамадскасці", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Нагадаем, у Магілёве 12 сакавіка міліцыя ў рамках праверкі паводле заявы аб паклёпе правяла агляды кватэры Ігара Барысава, рэдактара сайта "Наш Магілёў", і памяшканні, у якіх знаходзяцца рэдакцыя выдання і абласное аддзяленне Праваабарончага цэнтра "Вясна", выняўшы кампутарную тэхніку ў журналіста і праваабаронцаў. А Галоўная ўправа юстыцыі Магілёўскага райвыканкама ў гэтым месяцы праз суд распачала чарговую спробу спынення дзейнасці ГА "Магілёўскі праваабарончы цэнтр", папярэдне стварыўшы перашкоды для дзейнасці арганізацыі.