Расейскі журналіст патрабуе забраць у Беларусі Віцебск, Гомель і Магілёў
129- 15.03.2015, 16:06
- 104,903
Вядомы расейскі рэсурс «Спутник и погром» апублікаваў артыкул, у якім ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
Яе аўтар Кірыл Авяр'янаў-Менскі, вядомы сваімі папярэднімі выпадамі ў адрас суседзяў РФ. На гэты раз ён заявіў, што Беларусь - гэта «штучнае фармаванне, сабранае з спрадвечна рускіх земляў».
«Усе ведаюць, што ў 1954 годзе Крым незаконна перадалі са складу Расейскай СФСР у склад Украінскай ССР, многія чулі, што ў 1918 годзе да Савецкай Украіны далучылі тэрыторыю Данецка-Крыварожскай Савецкай Рэспублікі, аднак мала каму вядома, што ў 1920 гадах у склад Беларускай ССР сілком загналі Віцебшчыну, Магілёўшчыну і Гомельшчыну, якія раней належалі РСФСР. Віцебск, Магілёў і Гомель былі перададзеныя Савецкай Беларусі як мех бульбы», - піша аўтар.
На ягоную думку, беларусаў ніколі не было ва ўсходняй частцы краіны, а калі і былі нейкія беларусы, то яны даўно страцілі сваю беларускую ідэнтычнасць: мову і культуру. Аўтар падводзіць ідэалагічную базу да таго, што неабходна перагледзець сучасныя межы. Менавіта так пачыналася вайна Расеі супраць Украіны год таму.
«Апошнім часам улады экс-БССР старанна раскручваюць махавік «беларусізацыі» і ва ўпор не бачаць, да чаго такая палітыка прывяла экс-УССР. Мабыць, прэзідэнт Лукашэнка разлічвае на тое, што сёння ў Крамлі сядзяць дакладна такія ж савецкія многанацыяналы, як у 20-х гадах мінулага стагоддзя. Такі разлік, безумоўна, не пазбаўлены разумных падстаў. Але не ўсё так адназначна», - піша ён.
Кірыл Авяр'янаў-Менскі адзначае, што «бліжэйшым часам у Расеі будзе прыняты закон аб неправамернасці перадачы Крыма Савецкай Украіне ў 1954 годзе». Зыходзячы з гэтага паўстане пытанне і аб усходніх землях Беларусі, бо «заходнія губерні РСФСР былі перададзеныя Савецкай Беларусі таксама неправамочна».