Прэзідэнт Эстоніі: Cанкцыі трэба ўводзіць супраць цэлых сем'яў у РФ
8- 18.03.2015, 16:59
- 11,402
Томас Хендрык Ільвес выступае за павелічэнне сектаральных санкцый супраць Расеі і пашырэнне іх не толькі на асобных персон, але і на іх сямейнікаў.
Пра гэта прэзідэнт Эстоніі сказаў у інтэрв'ю на тэлеканале LTV6, паведамляе "Еўрапейская праўда".
Са слоў Томаса Хэндрыка Ільвеса, да гэтага часу палітыка ЕЗ што да Украіны была даволі неэфектыўнай. Прынамсі, ён ужыў метафару «варанай жабы» да гэтай палітыкі: вы ніколі не зварыце жабу, кінуўшы яе ў кіпень, але калі награваць ваду паступова, жаба перастае заўважаць павышэнне тэмпературы і варыцца.
"Міністрам замежных спраў спатрэбіўся год на тое, каб прызнаць прысутнасць расейскіх войскаў ва Украіне. Для іх гэта былі падтрымоўваныя Расеяй сепаратысты. А Пуцін учора сам ва ўсім прызнаўся: так, мы паслалі войскі", - адзначыў ён.
Са слоў Ільвеса, да ўжо наяўных санкцый трэба дадаць маштабу: пашырыць сектаральныя санкцыі і распаўсюдзіць іх не толькі на асобных персон, але і на іх сямейнікаў.
"Патрэбныя моцныя сектаральныя санкцыі, санкцыі, якія б распаўсюджваліся на шырокае кола асоб, на іх сем'і. Я думаю, датычныя да парушэння міжнароднага права не любяць шопінг, але іх жонкі любяць, - сказаў Ільвес. - Акрамя таго, трэба прыгледзецца да схем адмывання грошай".
З ягоных слоў, гэта больш тычыцца ўнутраных спраў еўрапейскіх краін, паколькі прыйдзецца пачынаць расследаванне супраць асоб, якія прымаюць "брудныя, заплямленыя крывёю грошы", заявіў Ільвес.
На ягоную думку, "крымскі сцэнар" у Эстоніі наўрад ці магчымы, бо з эканамічнага пункту гледжання рускія жыхары Эстоніі жывуць значна лепш, чым насельніцтва Данбаса.
У той жа час Ільвес выказаў асцярогі ў сувязі з тым, якой будзе рэакцыя міжнароднай супольнасці ў выпадку ваеннага ўварвання ў краіны Балтыі. Ён параўнаў цяперашнюю сітуацыю з пасляваенным перыядам, калі Захад у здзіўленні толькі назіраў за перадзелам Усходняй Еўропы.
"Не думаю, што ў нас тут могуць быць праблемы з фашызмам", - пракаментаваў Ільвес сітуацыю ў Эстоніі. Прэзідэнт упэўнены, што абвінавачванні ў адраджэнні фашызму - частка расейскай прапаганды.