Расейскі палітолаг: Лукашэнку варта суняць свае апетыты
26- 2.03.2015, 15:50
- 62,016
Беларускі дыктатар адправіўся ў Маскву па новы крэдыт.
Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка плануе ў Маскве абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным пэрспэктывы «дзвюхстаронніх расейска-беларускіх стасункаў». Экспэрты мяркуюць, што Лукашэнка напярэдадні «выбараў» будзе вытаргоўваць новы крэдыт.
Аднак, на думку расейскага палітолага Паўла Саліна, цяпер у Расеі няма магчымасці даць такі крэдыт.
«Цяпер расейская эканоміка знаходзіцца не ў той сітуацыі, каб перыядычна падтрымліваць з дапамогай рат сваіх суседзяў. Я не ведаю, да якіх дамоўленасцяў прыйдуць Лукашэнка і расейскія ўлады, але я не ўпэўнены, што ён з'едзе з Масквы задаволеным. Магчыма, што-небудзь ён здолее вытаргаваць, яму не скажуць цвёрда «не», але, напэўна, яму кіўнуць на тое, што Лукашэнку варта суняць свае апетыты», - адзначыў палітолаг «Актуальным комментариям».
Не бачыць экспэрт і рэальнай магчымасці Лукашэнку павярнуцца тварам да Захаду.
«Стасункі далей будуць складвацца так жа, як цяпер. Не думаю, што цяпер могуць узнікнуць нейкія сур'ёзныя праблемы ў расейска-беларускіх дачыненнях, бо Лукашэнка пакуль зацікаўлены ў Расеі, і менавіта цяпер, да выбараў, у якасці партнёра эканамічнага і партнёра палітычнага» - адзначыў расейскі палітолаг.
Нагадаем, Лукашэнка планаваў наведаць Маскву 2-3 сакавіка. 3 сакавіка дыктатар мерыўся сустрэцца з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным на пасяджэнні найвышэйшай дзяржаўнай рады «саюзнай дзяржавы».