Медыкі назвалі 6-8 сакавіка пунктам незвароту для Саўчанкі
21- 2.03.2015, 16:18
- 40,555

Нямецкія лекары пасля абследавання ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі вызначылі як "пункт незвароту" 6-8 сакавіка.
Пра гэта паведаміў яе адвакат Мікалай Полазаў у эфіры радыёстанцыі "Говорит Москва", паведамляе Украинская правда.
"Акрамя таго, раней лекары ў яе дыягнаставалі сардэчна-сасудзістую недастатковасць. Падчас абследавання яе незалежнымі нямецкімі медыкамі яны вызначылі пункт незвароту як 6-8 сакавіка. Паводле заключэння спецыялістаў, пасля гэтых датаў яна не зможа вярнуцца да нармальнага паўнавартаснага жыцця, яна застанецца альбо інвалідам, альбо гэта прывядзе да смяротнага зыходу", - сказаў Полазаў.
З ягоных слоў, медыкі Федэральнай службы выканання пакаранняў адмаўляюцца даць адвакатам дакументацыю аб стане здароўя Саўчанкі.
Ён дадаў, што ў сераду ў Басманным судзе адбудзецца пасяджэнне па абскарджанні дзеянняў следства.
Як паведамлялася, Надзея Саўчанка галадае ўжо 80 дзень, пратэстуючы супраць яе незаконнага ўтрымання ў турме расейскімі ўладамі.
Фота: novayagazeta.ru