23 снежня 2024, панядзелак, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць указ №222

6
Віцебскія прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць указ №222

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рэчавых рынках Віцебска, масава закрываюцца.

Яны напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст дакумента некаторыя з іх вывесілі і на сваіх закрытых ралетах - каб пакупнікі разумелі, чаму яны не працуюць, паведамляе «Радыё Свабода».

Са слоў Ірыны Яскевіч, віцебскай актывісткі аргкамітэта ў стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў «Разам», гэты зварот не просьба, а сфармуляваныя патрабаванні:

«Мы ніколі не прасілі грошай з бюджэту, не просім іх і цяпер, - так пачынаецца наш зварот. Але мы папярэджваем, што стварэнне невыносных умоў для працы прадпрымальнікаў пацягне масавае беспрацоўе, і гэта павялічыць выдаткі з бюджэту, створыць яшчэ большую сацыяльную напружанасць. Умовы сапраўды невыносныя: іпэшнікі абавязаныя выплачваць дзяржаве ад 39 да 45 адсоткаў ад даходу. Паўтараю: ад агульнага даходу, а не ад прыбытку! А патрабаванне абавязковай сертыфікацыі - гэта наогул магіла для беларускіх прадпрымальнікаў».

Таму прадпрымальнікі ў сваім звароце патрабуюць спыніць дзеянне ўказу №222, у якім гаворыцца пра дакументы на рэшткі тавару, набытага да ўвядзення патрабаванняў абавязковай сэртыфікацыі, і на новы тавар. Таксама рынкавыя гандляры патрабуюць скасаваць міністэрскія пастановы аб наяўнасці дакументаў аб тэхрэгламенце Еўразійскага саюзу. Немагчымасць атрымаць усе гэтыя дакументы і вымушае прадпрымальнікаў патрабаваць скасавання сэртыфікацыі: такія дакументы не прадугледжаныя ў суседняй Расеі, адкуль завозіцца пераважная большасць тавараў.

Са слоў Ірыны Яскевіч, прадпрымальнікі маюць шэраг прапаноў да ўрада, каб развязаць вострыя праблемы ў агульную карысць. Але іх, асабліва з рэгіёнаў, не запрашаюць на «круглыя сталы» і іншыя абмеркаванні на вышэйшым узроўні.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім улады паставілі крыж на надзеях прадпрымальнікаў развязаць канфлікт: з 1 сакавіка ў дзеянне ўваходзіць нашумелы Указ №222 і гандляваць без належных суправаджальных дакументаў будзе забаронена. У выпадку парушэнняў іпэшнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў ішлі масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках