Мечыслаў Грыб: Адзіная валюта ў ЕАЭС азначае страту суверэнітэту Беларусі
15- 20.03.2015, 16:50
- 39,422
Магчыма, у Астане Пуцін паставіў перад Лукашэнкам і Назарбаевым пытанне рубам: ці будзеце слухацца, ці з вамі не будзем гуляцца.
Пра гэта заявіў былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслаў Грыб у інтэрв'ю «Белорусской правде».
- Пуцін паставіў перад Беларуссю і Казахстанам пытанне аб увядзенні адзінай валюты ў Еўразійскай эканамічнай прасторы. Што гэта азначае?
- Гэта азначае ўвядзенне адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта азначае, што кіраванне фінансамі будзе весціся з аднаго цэнтра. Гэта азначае, што адзіную валюту будзе выпускаць адна краіна, а дзве астатнія - не будуць.
- Гаворка ідзе пра ўзнаўленне Савецкага Саюза ў мініяцюры?
- Згодна з Канстытуцыяй, Рэспубліка Беларусь губляе свой суверэнітэт - фінансавы, эканамічны.
- Ці не перакладае Пуцін адказнасць або частку адказнасці за свае імперскія авантуры на Беларусь і Казахстан?
- Цікавая складваецца сітуацыя: свае дзеянні на замежнай арэне Пуцін не збіраецца ўзгадняць з Беларуссю і Казахстанам, а адказваць давядзецца ўсім разам.
- Як адрэагуюць Менск і Астана на «ініцыятыву» Крамля?
- І Лукашэнка, і Назарбаеў разумеюць, што губляюць свой суверэнітэт. Вы ж памятаеце сітуацыю, калі абмяркоўвалася пытанне аб увядзенні адзінай валюты - расейскага рубля на тэрыторыі «саюзнай дзяржавы». Беларускае кіраўніцтва запатрабавала, каб і Мінфін, і Нацбанк заставаліся на тэрыторыі краіны - каб і Расея, і Беларусь маглі друкаваць расейскія рублі. Масква не пагадзілася з такім сцэнарам, Менск таксама адмовіўся аддаваць права друкаваць грошы. Колькі ні спрачаліся, да згоды так і не прыйшлі.
Магчыма, у нашым выпадку гаворка ідзе не пра расейскія рублі, не пра беларускія рублі і не пра тэнгэ, а пра новую валюту. Аднак усе фінансы будуць усё роўна завязаныя на Расеі: эканоміка Беларусі складае толькі 3% расейскай, Казахстана - 10-15%, таму Расея ніколі не саступіць гэтае права.
- Ці засталося ў Менску сёння поле для манеўру, як гэта было 10 гадоў таму?
- Поле для манеўру заўсёды ёсць. Расея знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. Беларусь у сваю чаргу пачала падлашчвацца да Захаду. А Масква зацікаўленая, каб Беларусь не пакідала еўразійскую прастору.
Магчыма, пытанне пастаўлена рубам: ці будзеце слухацца, ці з вамі не будзем гуляцца. На жаль, дэталяў перамоваў мы не ведаем.
- Гэта папярэджанне, што Беларусь і Казахстан можа спасцігнуць лёс Украіны?
- Можа і спасцігнуць. Але ваяваць на два-тры фронты Расея не зможа. Нават з такімі маленькімі краінамі, як Беларусь. Немагчыма адначасова ваяваць з Украінай, Беларуссю, Казахстанам, Еўразвязам, ЗША. Гэта азначае паразу.