Шклозавод «Нёман» рыхтуецца перайсці на трохдзёнку
37- 23.03.2015, 16:43
- 54,295
Заробкі працоўных завода істотна зменшыліся.
Са студзеня вядомае прадпрыемства, якое пастаўляе прадукцыю ў многія краіны, перайшло на «чатырохдзёнку», цяпер адміністрацыя разглядае варыянт аб скарачэнні працоўнага тыдня да трох дзён.
Пра гэта praca-by.info распавялі работнікі шклозавода «Нёман».
- З Новага года працуем чатыры разы на тыдзень. Калі раней у цэхах атрымлівалі 3,5 млн рублёў у месяц, то цяпер заробак упаў да 2,5. Пры гэтым ёсць спецыялісты, якія і зусім атрымліваюць менш за два мільёны рублёў. Вось уявіце: вам далі на рукі за 2,5 млн, а толькі за туфлі трэба аддаць 600 тысяч. Пытаецца: як жыць? Начальства цяпер думае, каб наогул перайсці на «трохдзёнку». Склад завалены гатовай прадукцыяй. Перыядычна тое, што не карыстаецца попытам, б'юць і плавяць на новы тып тавараў. Атрымліваецца, мы працуем бязмэтна, - распавялі аб жахлівай сітуацыі на заводзе.
- Пры гэтым людзям дзявацца няма куды. У Бярозаўцы іншай працы фактычна няма. Перыядычна на завод прыязджаюць журналісты, БТ здымае сюжэт, дзе распавядаецца, які ў нас добры заробак, што прадукцыя ідзе на экспарт у многія краіны свету. Мы глядзім і смяемся: вось брэшуць! - кажуць рабочыя.
Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.
Фота: prosto_free