Як крызіс з'ядае беларускі гарошак
19- 25.03.2015, 11:12
- 29,622
Уладам не атрымоўваецца выратаваць ад банкруцтва харчовую галіну.
Сёння павінны адбыцца таргі ў рэалізацыі маёмасці Кобрынскага кансервавага завода, які некалі славіўся сваім зялёным гарошкам. 25 сакавіка на продаж будзе выстаўлены адзін з будынкаў прадпрыемства. Яго першапачатковы кошт 10,4 млрд рублёў, а ўвесь комплекс ацэньваецца ў 34,1 млрд рублёў, піша «Заўтра тваёй краіны».
Гэта ўжо не першы выпадак банкруцтва вядомых беларускіх вытворцаў кансерваў. З мінулага года працэдуру банкруцтва праходзяць заводы ў Быхаве і Баранавічах. У гэтым годзе ў такой жа сітуацыі выявіўся Гарынскі агракамбінат і глыбоцкі вытворца кансерваў «Купцоў».
Усім гэтым найбольш значным прадстаўнікам кансервавай галіны краіны не ўдалося выжыць, нягледзячы на дапамогу дзяржавы.
На працягу 2006-2010 гадоў у Беларусі дзейнічала мэтавая дзяржаўная праграма падтрымкі вытворцаў плодаагароднінных кансерваў. Але калі спыніліся бюджэтныя ўліванні, кіраўніцтва і маркетынг большасці айчынных вытворцаў не змаглі эфектыўна працаваць у варунках жорсткай канкурэнцыі.
Цяпер жыццяздольнасць захоўваюць некалькі заводаў, якія галоўным чынам спецыялізуюцца на выпуску падтрымоўванага дзяржавай дзіцячага харчавання: Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны, Віцебскі плодаагароднінны камбінаты, «Гама смаку» г. Клецка. Кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў змагло таксама прыцягнуць прыватных заказчыкаў, для якіх вырабляюцца сокі, дзіцячае харчаванне пад іх брэндамі. Частку заводаў удалося выратаваць шляхам далучэння да больш паспяховых прадпрыемстваў. Напрыклад, Стаўбцоўскі плодаагароднінны завод быў у 2012 годзе перададзены Гарадзейскаму рафінаднаму камбінату.
На мяжы знікнення сёння знаходзіцца і беларускае вінаробства. Летась адзін за адным былі абвешчаныя банкрутамі два некалі найбуйнейшыя вінаробныя прадпрыемствы краіны: Гомельскі і Віцебскі вінаробныя заводы. Гомельскае прадпрыемства, напрыклад, было адзін час галоўным пастаўшчыком вінаў для прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы.
З розных прычын абвешчаныя банкрутамі шэраг іншых харчовых прадпрыемстваў краіны: ААТ «Брэсцкае піва», ААТ «Рыбны рад» (Бабруйск), птушкафабрыка «Мядноўская» (Берасцейскі раён), холдынг «Магілёўаблхарчпрам» і Унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства «Бабруйскі завод напояў».
Як падлічыла выданне, з 42 дзяржаўных прадпрыемстваў, якія знаходзіліся на сярэдзіну сакавіка 2014 года ў розных стадыях працэдур банкруцтва, 11 належаць харчовай галіне, у тым ліку 5 кансервавых заводаў.