13 лiстапада 2024, Серада, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У свеце не хапае сховішчаў для нафты

23
У свеце не хапае сховішчаў для нафты

Пастаўкі нафты на сусветныя рынкі перавышаюць попыт на яе прыкладна на 1,55 млн барэляў у суткі.

Хутка "чорнае золата" не будзе дзе захоўваць, што можа прывесці да падзення катыровак, піша "Інтэрфакс".

Рэзервуары для захоўвання лішкаў нафты могуць неўзабаве запоўніцца цалкам на фоне таго, што пастаўкі нафты на сусветны рынак перавышаюць попыт на яе прыкладна на 1,5 млн барэляў у суткі, піша The Wall Street Journal са спасылкай на меркаванні аналітыкаў.

У ЗША аб'ём запасаў знаходзіцца на максімальным узроўні за 80 гадоў, пры гэтым сховішчы ў краіне запоўненыя на 70%.

Запасы на ключавым тэрмінале ў Кушынгу (штат Аклахома), які не толькі служыць перавалачным вузлом для нафты, якая пастаўляецца з Канады і Заходняга Тэхаса, да яе адпраўкі ў НПЗ на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва, але і ўтрымлівае фізічныя аб'ёмы нафты, якія забяспечваюць ф'ючэрсныя кантракты на нью-ёрскай біржы NYMEX, дасягнулі 49,2 млн барэляў. За апошнія 4 тыдні запасы ў Кушынгу павялічыліся адразу на 7,8 млн барэляў, такімі тэмпамі месца для захоўвання скончыцца да траўня.

"Запасы растуць велізарнымі тэмпамі. Ствараецца адчуванне, што ў нас проста не хопіць магутнасцяў для захоўвання ўсёй нафты", - кажа фондавы мэнэджар Loomis, Sayles & Co. Харыш Сундэрэш.

Паводле звестак Citigroup (зрэшты, даволі прыблізных, са слоў самой фінкампаніі), рэзервуары ў Еўропе запоўненыя на 90%, у Паўднёвай Карэі, ПАР і Японіі - на 80%.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што такая сітуацыя можа прывесці да далейшага падзення катыровак, паколькі вытворцы будуць гатовыя прадаць нафту з вялікай зніжкай тым, у каго яшчэ ёсць магчымасць яе захоўваць. У выйгрышы застануцца спажыўцы, паколькі НПЗ будуць актыўна перапрацоўваць велізарныя аб'ёмы нафты ў бензін і іншыя тыпы паліва.

Спрабуючы прыстасавацца да ўмоў недахопу рэзервуараў, удзельнікі рынку імкнуцца пашырыць свае сховішчы. Прынамсі, для захоўвання паліва выкарыстоўваюцца танкеры, якія звычайна займаюцца яго перавозкай. Акрамя таго, шэраг кампаній уладкоўваюць рэзервуары ў саляных пячорах, бо іх тоўстыя сцены здольныя ідэальна ўтрымліваць вадкасць.

Да прыкладу, кампанія Fairway Energy Partners LLC да канца 2016 мае намер пераабсталяваць у сховішчы пяць такіх пячор агульным аб'ёмам звыш 19 млн барэляў. Характэрна, што яны знаходзяцца фактычна ў цэнтры Х'юстана, непадалёк ад стадыёна футбольнай каманды "Х'юстан Тэксанс".

Тым часам CME Group, аператар біржы NYMEX, з 29 сакавіка пачне таргі ф'ючэрснымі кантрактамі на права захоўваць нафту ў рэзервуарах у акрузе Лафурш у Луізіяне цягам пэўнага месяца.

Згодна з прагнозам Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, узровень запасаў нафты і нафтапрадуктаў у развітых краінах да сярэдзіны гэтага года можа паўтарыць рэкорд, зафіксаваны ў жніўні 1998 года – 2,83 млрд барэляў. Адзначаецца, што ў той месяц сярэдні кошт нафты складаў $13,38 за барэль, што з улікам інфляцыі ў эквіваленце $19,18 за барэль на сённяшні дзень.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках