Трое фігурантаў справы аб забойстве Нямцова не прызнаюць віну
48- 8.03.2015, 16:33
- 58,412
Падазраваныя ў справе аб забойстве палітыка Барыса Нямцова не прызнаюць сваю віну.
"Затрыманыя адмаўлялі сваё дачыненне да азначаных злачынстваў, аднак у следства ёсць довады іхняй датычнасці", - заявіў прадстаўнік следства на пасяджэнні для абрання меры стрымання Шагіту Губашаву, Рамзату Бахаеву і Тамерлану Эскерханаву.
Паводле ягоных слоў, Губашаў быў затрыманы ўвечары 7 сакавіка, Экскерханаў і Бахаеў – пад тры гадзіны ночы 8 сакавіка, піша "Інтэрфакс".
Яны падазраюцца ва ўчыненні злачынства паводле часткі 2 артыкула 105 і часткі 2 артыкула 222 КК РФ.
На думку следства ў выпадку абрання ня звязанай з арыштам меры стрымання, падазраваныя могуць уцячы, знішчыць довады, а таксама звязацца з іншымі асобамі, датычнымі да злачынства ці іншым спосабам перашкодзіць вядзенню справы.
"Я не ўчыняў ніякага злачынства", - сказаў Губашаў.
У сваю чаргу, Бахаеў прасіў не змяшчаць яго пад варту, бо катэгарычна адмаўляе віну.
"Я ні ў якой меры не ўдзельнічаў у гэтым ніводным рухам. Я знаходзіўся дома, калі прыехалі супрацоўнікі. Калі б я быў датычны, то паспрабаваў бы ўцячы", - сказаў Бахаеў.
Ён паведаміў, што ў яго шасцёра непаўналетніх дзяцей, якія, зрэшты, не жывуць разам з ім у Падмаскоўі, а знаходзяцца на месцы рэгістрацыі.
Са слоў трэцяга падазраванага Эскерханава, ён штодзень знаходзіўся на працоўным месцы, пра што могуць паведаміць ягоныя знаёмыя.
"Я не згодны з дзеяннямі следства", - сказаў ён.
Заур Дадаеў, адзін з фігурантаў справы аб забойстве палітыка Барыса Нямцова, прызнаў сваю датычнасць да злачынства. Пра гэта РІА "Новости" паведамляе з залы Басманнага суду, дзе ў нядзелю, 8 сакавіка, разглядаецца пытанне аб абранні меры стрымання пецярым затрыманым у справе. Суд арыштаваў Дадаева да 28 красавіка.
У нядзелю стала вядома, што колькасць падазраваных у дачыненні да забойства палітыка ўзрасла з трох да пяці чалавек.