Еўракамісар Яганэс Хан ляціць у Менск
- 14.04.2015, 14:14
- 9,436
Наведванне значыцца ў раскладзе камісара ў пытаннях расшырэння і палітыкі добрасуседства на афіцыйным сайце Еўрапейскай камісіі.
Візіт Яганэса Хана запланаваны на 16-17 красавіка. Варта адзначыць, што за дзень да гэтага палітык сустрэнецца з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, піша "Наша Ніва".
Факт візіту пацвердзілі ў прэс-службе прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску. Праўда, паведаміць расклад сустрэч чыноўніка не змаглі.
Калі меркаваць з досведу папярэдніх візітаў, то еўракамісар можа сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Апошні раз еўрапейскі камісар у пытаннях расшырэння і добрасуседства наведваў Беларусь у 2010 годзе. Тады папярэднік Яганэса Хана Штэфан Фюле двойчы прылятаў на перамовы ў Менск.
Пасля разгону паслявыбарчых пратэстаў такія кантакты былі замарожаныя. Як бачым, цяпер пачынаецца новы віток стасункаў.
Яганэс Хан заняў сваю пасаду ў лістападзе 2014 года. Яму 57 гадоў, сябра кансэрватыўнай Аўстрыйскай народнай партыі. Дагэтуль чатыры гады ён быў еўракамісарам рэгіянальнай палітыкі.
Фота: Anadolu Agency/Getty Images